Пётар Іваноў быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства паводле ч.1 арт. 366 КК РБ.
Адзначым, што ў пастанове аб узбуджэньні выканаўчага справаводзтва, апублікаванай спадаром Івановым на сайце “Свабодны рэгіён”, вядзецца пра спагнаньне рэшты штрафу (1762 рублі).
Старшыня генсавету па стварэньні міжнароднага аб’яднаньня “За сумленную ўладу” Пётар Іваноў тлумачыць у сваёй заяве, што частка штрафу была без яго ведама і згоды аплачаная адным зь яго паплечнікаў. Дадае, што ўжо накіраваў у аддзел прымусовага выкананьня заяву з патрабаваньнем не залічваць гэтыя грошы на пагашэньне штрафу і вярнуць іх асобе, якая заплаціла.
Піша, што адзіны чалавек, якому б ён дазволіў выплаціць “штраф па злачыннаму прысуду” – гэта Лукашэнка.
Іваноў падкрэсьлівае, што “загадзя злачынны прысуд, абвешчаны ў выніку крымінальнага судзілішчы”, ён не выконвае сьвядома і наўмысна. Таксама наўмысна супраціўляецца яго прымусоваму выкананьню.
“Ведаю, што паводле артыкулу 418 УК РБ ухіленьне асуджанага ад пакараньня ў выглядзе штрафу, прызначанага прыгаворам суду, пры магчымасьці яго сплаціць, караецца арыштам. Да выкарыстаньня такой меры я гатовы, хоць і не ўхіляюся ад выплаты штрафу паводле прысуду, а наўпрост кажу, што, маючы магчымасьць уплаціць штраф, рабіць гэтага ня буду… Аддаю перавагу адкрытаму непадпарадкаваньню і супраціўленьню рэжыму тыраніі”, – гаворыцца ў заяве Іванова.
Вінавайца па выплаце штрафу паводле арт. 418 УК РБ можа быць пакараны арыштам на тэрмін да трох месяцаў.
Нагадаем, Кастрычніцкі раённы суд Віцебску 26 студзеня 2018 году прысудзіў Пятру Іванову штраф памерам 85 базавых велічынь, прызнаўшы вінаватым у зьдзяйсьненьні ім гвалту ў дачыненьні да службовай асобы падчас выкананьня той службовых абавязкаў (ч.1 арт. 366 КК РБ). Пётар Іваноў правёў 108 дзён у віцебскім СІЗА і падчас судовага паседжаньня неаднаразова заяўляў пра тое, што ў сьледчым ізалятары яго катавалі. Аб катаваньнях у віцебскім СІЗА было паведамлена спэцдакладчыку ААН. Пётар Іваноў абскарджваў пастанову Кастрычніцкага суду ў Віцебскім абласным судзе, але апэляцыя засталася не задаволенай.
Зьміцер Міраш