Нагадаем, суд прызнаў Іванова вінаватым у зьдзяйсьненьні гвалту ў дачыненьні да службовай асобы падчас выкананьня той службовых абавязкаў (ч.1 арт. 366 КК РБ).
У якасьці пацярпелай па справе выступала судовая выканаўца суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, якую Іваноў нібыта выгнаў са свайго дому, прычыніўшы ёй пры гэтым цялесныя пашкоджаньні (сіняк на руцэ). У якасьці меры стрыманьня ў дачыненьні да Іванова выкарысталі ўтрыманьне пад вартай. Пётар Іваноў правёў у віцебскім СІЗА больш за 100 дзён. Падчас судовых паседжаньняў ён не аднойчы заяўляў пра тое, што ў СІЗА яго зьбівалі і катавалі.
“Ні ў якім разе з прысудам ня згодны”
У апэляцыйный скарзе Пётар Іваноў сьцьвярджае, што судзьдзя Стэфаноўскі вынес яму “фактычна двайны прысуд” – штраф і арышт на 108 дзён.
Пётар Іваноў (у цэнтры) адразу пасьля суду 26 студзеня 2018 году
“Ні ў якім разе з прысудам ня згодны, ён ня будзе мною дабравольна выкананы. Гарантую, што мэты крымінальнай адказнасьці ў дачыненьні да мяне, абвешчаныя ў заведама злачынным прысудзе, ня будуць дасягнутыя”, – гаворыцца ў скарзе.
“Крымінальная справа была цалкам сфабрыкаваная”
Іваноў запэўнівае, што галоўнай прычынай крымінальнага перасьледу супраць яго была насамрэч ягоная грамадзка-палітычная дзейнасьць у якасьці старшыні Генэральнага савету па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “За сумленную ўладу”, а таксама праваабарончая дзейнасьць. Сьцьвярджае, што крымінальная справа была цалкам сфабрыкаваная.
Што да інцыдэнту з судовай выканаўцай Прыгажаевай, піша, што ад пачатку і да самага канца праяўляў ветлівасьць і карэктнасьць, нягледзячы на правакацыйныя дзеяньні прадстаўніка ўлады. “Аб усім гэтым прадузяты суд атрымаў неабходныя і праўдзівыя доказы, але іх злачынна праігнараваў у зададзеным судовым рашэньні”.
“Разгляд крымінальнай справы быў фармальным”
Паводле Іванова, сьледчыя, пракуроры і суд не ўзялі на ўвагу пэўныя факты – аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага заведама нявіннага, аб фальсыфікацыі доказаў міліцыянтамі і сьледчымі, аб заведама незаконным абвяшчэньні ў вышук, затрыманьні, заключэньні пад варту і аб сыстэматычных катаваньнях і зьдзеках у СІЗА-2.
“Разгляд крымінальнай справы судом быў выключна фармальным. Абвінаваўчы прысуд быў вынесены задоўга да судовага разбору і быў дакладна вядомы мне ды іншым асобам, у прыватнасьці, начальніку Кастрычніцкага РАУС Віцебску палкоўніку міліцыі Стэльмаху С.В.”, – сьцьвярджае Іваноў.
“У ходзе перасьледу мяне паводле крымінальнай справы былі відавочна парушаныя прынятыя Рэспублікай Беларусь абавязкі, прадугледжаныя артыкуламі 7, 9, 10, 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”, – гаворыцца ў касацыйнай скарзе Іванова.
Просіць адмяніць прысуд і скасаваць справу
Пётар Іваноў у чарговы раз заявіў (да гэтага настойваў у судзе), што адваката, які ўдзельнічаў у працэсе, ня лічыць сваім абаронцам і не дазваляе яму зьдзяйсьняць ніякіх юрыдычна-значных дзеяньняў.
На падставе вышэй сказанага Іваноў просіць адмяніць “заведама злачынны прысуд” суду Кастрычніцкага раёну Віцебску і скасаваць крымінальную справу.
Зьміцер Міраш