Ад 11 кастрычніка 2017 году Пётар Іваноў утрымліваецца ў СІЗА №2 Віцебску. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 366 КК РБ (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні службовай асобы, выконваючай службовыя абавязкі). Судовы працэс па крымінальнай справе праходзіць у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска (судзьдзя Ігар Стэфаноўскі).
“Будзеш поўзаць на каленях і гаварыць: “Я люблю СІЗА-2”
Падчас паседжаньня, якое адбылося ў чацьвер 18 студзеня, Іваноў заявіў, што яго тройчы жорстка зьбівалі 7, 8 і 12 сьнежня, спрабуючы выбіць прызнальныя паказаньні.
Акрамя таго, як сьцьвярджае абвінавачаны, над ім сыстэматычна чынілі псыхалягічны гвалт. Супрацоўнікі СІЗА пагражалі згвалтаваньнем з выкарыстаньнем міліцэйскага дручка, застрашвалі таксама, што прымусяць “поўзаць на каленях і гаварыць: “Я люблю СІЗА-2”.
Цягам месяца не было мэдэкспэртызы
Паводле словаў Пятра Іванова, ім была накіраваная скарга аб проціпраўных дзеяньнях супрацоўнікаў сьледчага ізалятару. На гэтай падставе была прызначана праверка, якую праводзіла сьледчая СК Шышкова. Але праверку прыпынілі – праз адсутнасьць матэрыялаў мэдыцынскай экспэртызы.
Пра тое, што ў межах праверкі была прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза, вынікае з адказу пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага, агучанага падчас паседжаньня. Згодна з дакумэнтам, яе прызначылі 18 сьнежня 2017 года. Але і праз месяц вынікі экспэртызы адсутнічаюць.
“Яны наўмысна цягнуць час, каб у мяне канчаткова сышлі ўсе сінякі і пухліны”, – заявіў у судзе абвінавачаны.
Падчас судовага паседжаньня 18 студзеня Іваноў зьняў абутак і паказаў суду апухлыя і сінявыя ногі (фота- і відэаздымкі былі забаронены).
Нарэшце 19 студзеня Іванова агледзеў мэдыцынскі экспэрт у залі судовых паседжаньняў. Вынікі гэтай экспэртызы пакуль невядомыя.
Даюць супрацьлеглыя паказаньні
18 і 19 студзеня суд апытаў пацярпелую, абвінавачанага і пачаў апытваць сьведак інцыдэнту, які адбыўся 6 красавіка 2017 году.
Пацярпелая – судовая выканаўца суду Кастрычніцкага раёну Кацярына Прыгажаева – і абвінавачаны даюць цалкам адрозныя паказаньні. Гэтак, Прыгажаева сьцьвярджае, што падчас інцыдэнту была апранутая ў форменнае адзеньне і адразу паказала Іванову пасьведчаньне судовага выканаўцы. Іваноў запэўнівае, што пацярпелая была ў цывільным, ніякага пасьведчаньня не прад’яўляла і назвала сябе толькі тады, калі ўжо знаходзілася ў ягоным доме.
На паседжаньні 19 студзеня таксама агледзелі тэкставую расшыфроўку аўдыёфайлу тэлефоннай размовы пацярпелай з супрацоўнікамі міліцыі, якіх яна выклікала падчас інцыдэнту.
Згодна з тэкстам, пацярпелая выкрыквала ў адрас гаспадара дому слова “тварь”. У судзе патлумачыла, што была ў стрэсавым становішчы.
Суд працягнецца 20 студзеня.
Зьміцер Міраш