Нагадаем, што Кастрычніцкі суд Віцебску 26 студзеня 2018 году прызнаў Пятра Іванова вінаватым у гвалце ў дачыненьні службовай асобы, якая выконвала службовыя абавязкі (ч.1 арт. 366 КК). Іваноў быў пакараны штрафам у памеры 85 базавых велічынь (з улікам тэрміну ўтрыманьня пад вартай у СІЗА №2 з 11 кастрычніка 2017 году). Паводле сьледзтва, абвінавачаны захопліваў рукамі за шыю і перадплечча, а таксама выштурхоўваў судовую выканаўцу з выкарыстаньнем фізычнай сілы. У выніку – прычыніў ёй траўмы запясьця.
Іваноў: У справе – аніводнага прамога доказу маёй віны
У апэляцыйнай скарзе Пётар Іваноў прасіў адмяніць прысуд, а крымінальную справу скасаваць. Цьвердзіў, што судовая выканаўца Прыгажаева не была апранутая ў форменнае адзеньне, падманам увайшла ў ягоны дом, сама ўцягвала яго ў канфлікт і сваімі дзеяньнямі перавысіла службовыя паўнамоцтвы. Запэўніў, што аніякіх гвалтоўных дзеяньняў супраць яе не чыніў. Доказы па справе, паводле Іванова, былі цалкам сфальсыфікаваныя органамі крымінальнага перасьледу.
“У сваім доме я ажыцьцявіў сваё законнае права на абарону сябе і сваіх блізкіх ад небясьпечнага для грамадзтва замаху службовай асобы”, – заявіў падчас разгляду апэляцыі ў абласным судзе Пётар Іваноў.
“У справе няма аніводнага прамога доказу маёй вінаватасьці, акрамя драпіны на руцэ, якую службовая асоба, і гэта відавочна, прычыніла сабе сама, каб пазьбегнуць адказнасьці за свае дзеяньні”, – дадаў.
Пасьля непрацяглага перапынку судовая калегія Віцебскага абласнога суду абвесьціла рашэньне – пакінуць прысуд Кастрычнікага суду бязь зьменаў.
“Кланяцца ў ножкі беззаконнасьці – сябе не паважаць”
Адзначым, што на пачатку паседжаньня Пётар Іваноў заявіў адвод усёй судовай калегіі, матываваўшы гэта тым, што ў Беларусі няма суду і няма правасудзьдзя (“Вы толькі агучыце тое, што вам спусьцілі зьверху”). Быў заяўлены таксама адвод пракурору Гарохаву, бо 22 студзеня 2018 году той падтрымаў рашэньне абласнога суду аб працягненьні тэрміну ўтрыманьня Іванова пад вартай, хаця ніякіх падстаў для гэтага, як лічыць скаржнік, не было.
Адразу пасьля паседжаньня старшыня незарэгістраванага міжнароднага аб’яднаньня “За сумленную ўладу” Пётар Іваноў паведаміў, што не зьбіраецца абскарджваць рашэньне ў Вярхоўным судзе, выплачваць добраахвотна штраф таксама ня будзе.
“Я даваў ім шанец выправіцца. Яны не скарысталіся. А кланяцца ў ножкі беззаконнасьці – сябе не паважаць. Турма?.. Калі будзе турма – значыцца пайду ў турму”, – сказаў Пётар Іваноў.
Павал Левінаў: Усё – чыстая фармальнасьць…
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, у сваю чаргу, лічыць, што ўсе судовыя інстанцыі трэба-такі прайсьці да канца.
“Таму што справа гэта неадназначная. У ёй вельмі шмат супярэчнасьцяў і нявысьветленых момантаў. Прысуд фактычна грунтуецца на ўскосных доказах. І калі гэтыя пазлы скласьці разам, то малюнку не атрымаецца, бо паміж імі шмат дзірак”, – кажа Левінаў.
“І яшчэ адно назіраньне. Нягледзячы на тое, што касацыя ў нас замененая на апэляцыю, працэдура разгляду спраў фактычна не зьмянілася. Калі казаць пра сёньняшняе паседжаньне, то ўсё прайшло як па старых нотах, то бок як пры касацыйным разглядзе. Разгляд справы з усімі адводамі і перапынкамі ўмясьціўся менш чым у гадзіну. Дык аб якім разглядзе справы па сутнасьці можа ісьці гаворка? Усё – чыстая фармальнасьць…” – падзяліўся сваім меркаваньнем праваабаронца.
Зьміцер Міраш