Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 28 лістапада 2013 году Андрэю Іванову і Ігару Скарыновічу прысвоеныя спэцыяльныя званьні палкоўнікаў міліцыі. Зьяўляючыся намесьнікамі начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму, абодва гэтыя супрацоўнікі часта несьлі ахову правапарадку як на санкцыянаваных, гэтак і на несанкцыянаваных мерапрыемствах у Віцебску. Таму многім месьцічам даводзілася сутыкацца зь імі часьцей, чымся зь іншымі міліцыянтамі.

Адпраўным пунктам рэалізацыі новага сумеснага праекту Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па пашырэньні магчымасьцяў пажылых людзей у прыняцьці рашэньняў па пытаньнях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцьці грамадзтва стане круглы стол, які адбудзецца 29 лістапада ў Віцебску. Пра гэта паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Віцебскі лекар Ігар Пастноў, вядомы крытыкай мясцовых уладаў, паведаміў, што 26 лістапада яго выклікалі да галоўнага лекара ВАКЦ псыхіятрыі і наркалёгіі Мартынавай, дзе папярэдзілі пра тое, што ён займаецца неліцэнзійнай дзейнасьцю. Прычынай выкліку да кіраўніцтва стала зьяўленьне ў інтэрнэце інфармацыі пра тое, што лекар аказваў мэдычную дапамогу зьбітаму палітыкуСяргею Рыжову. Паколькі пасьля зьняцьця пабояў Рыжову не прызначылі лячэньня, дык яго кансультаваў і рабіў ін’екцыі Пастноў.

У Полацку разгарэўся скандал, зьвязаны з публікацыяй на нашым сайце інфармацыі пра забаронены ў горадзе канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча. У цэнтры скандалу апынулася Валянціна Крук, дырэктар Полацкага цэнтру рамёстваў і нацыянальных культур, у якім мусіў адбыцца канцэрт сьпевака.

У Віцебску адбылася абласная рада аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, на якой прысутнічалі больш за 40 чалавек з Віцебску, Воршы, Полацку, Наваполацку, Глыбокага, Браслава, Бешанковічаў, Сянна, Аршанскага і Віцебскага раёнаў, а таксама сустаршыні БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі. Падчас сустрэчы было абмеркаванае становішча ў Беларусі, адзінства апазыцыі і абраньне адзінага кандыдата, мясцовая кампанія, патрэба маральнай рэвалюцыі ў Беларусі. Апроч таго, адбыўся ўстаноўчы сход грамадзкага аб’яднаньня “Хрысьціянскія дэмакраты Віцебшчыны”.