Дырэктар “Славянскага базару” напісаў заяву аб звальненьні
Нязьменны шматгадовы дырэктар міжнароднага фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, дырэктар Цэнтру культуры “Віцебск” Радзівон Бас падаў 1 сакавіка заяву аб звальненьні. Адначасова зь ім падала заяву на звальненьне і галоўны бухгальтар установы. На думку віцебскіх прадстаўнікоў грамадзкасьці, неўзабаве могуць быць і іншыя заявы аб звальненьні, паведамляе ІА Regnum.
Рух “За свабоду” просіць МУС абавязаць віцебскую міліцыю выконваць заканадаўства
Абласны каардынатар Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў зьвярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай абавязаць кіраўніцтва мясцовай міліцыі выконваць заканадаўства. “Я прашу абавязаць кіраўніцтва Ўпраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму надалей няўхільна выконваць патрабаваньні заканадаўства аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў і заключыць са мной дамову аб ахове грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавага мерапрыемства 25 сакавіка ў Віцебску”, – адзначае мясцовы кардынатар руху.
Віцебскі актывіст БХД змагаецца за рамонт падземнага пераходу
Сябра нацыянальнай рады аргкамітэту БХД Уладзімер Сіманковіч у межах кампаніі “Рада народных дэпутатаў” сабраў 30 подпісаў пад скаргай у Віцебскі гарвыканкам. “У сувязі зь нездавальняючым станам падземнага пераходу па праспэкце Маскоўскім, скрыжаваньні з вуліцай Церашковай і вуліцай П. Броўкі, ініцыятыўная група грамадзян зьвяртаецца з просьбай аб садзейнічаньні гарадзкога выканаўчага камітэту ў рамонце ўсіх лесьвічных маршаў, якія вядуць да ўсіх выхадаў вышэйназванага аб’екту”, - гаворыцца ў скарзе.
У Віцебску вядзецца праверка па скаргах актывістаў “ГейБеларусі”
УУС Віцебскага аблвыканкаму ладзіць праверку па факце скаргаў, што паступілі ад Максіма Гайкова, Тацьцяны Быкавай і Алега Квяцінскага ў адказ на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў падчас рэйду на ЛГБТ-вечарыну ў віцебскім клюбе «21 стагодзьдзе» ў ноч з 12 на 13 студзеня. Цяпер актывістаў пачалі выклікаць ва УУС у мэтах дачы тлумачэньняў па прад’яўленых імі скаргах ў пракуратуру.
На Віцебшчыне павялічваецца колькасьць забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджаньняў
У 2012 годзе ў Віцебскай вобласьці было зьдзейсьнена 54 забойстваў і замахаў на забойствы. Гэта амаль на 12% адсоткаў больш, чымся год раней. Гэткія дадзеныя прагучалі на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй у Віцебскай вобласьці. Паводле зьвестак Генпракуратуры, таксама ўзрасла на Віцебшчыне колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наўмысным прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў (са 157 да 182, або на 15,9%). Павелічэньне колькасьці злачынстваў гэтай катэгорыі адбылося ў 12 раёнах вобласьці, найбольш значнае - у Кастрычніцкім, Першамайскім раёнах гораду Віцебску, Віцебскам, Мёрскім і Пастаўскім раёнах, гарадох Наваполацку і Воршы.