…Заходжу з мужам і рыхтуюся дзівіцца – ён прагудзеў мне ўсе вушы гэтым месцам. Нас з усьмешкай сустракае ветлівы афіцыянт у белай кашулі зь мятлікам. Ён падае мэню, і вочы адразу натыкаюцца на знаёмыя, але нязвычныя для рэстараннага мэню назвы – бурачнік, дранікі, аладкі… Такія звыклыя і штодзённыя словы, якія бачыць у мэню рэстарацыі з поўнай сэрвіроўкай стала вельмі нязвыкла і здаецца незаконным. Хочацца казаць шэптам і толькі на вушка – раптам пачуюць. Але гэта факт – усе назвы прапісаныя самай моцнай беларускай мовай. Замаўляю, адкідваюся на крэсла і сэрца зноўку замірае – аўтаматычна ўслухоўваючыся ў спакойную плынь музыкі, на аўтамаце пачынаю падпяваць і раптам разумею – гэта ж N.R.M.! А наступнай песьняй – Крамбамбуля!..
Гэта ня цуд і не адсылка да кнігі Віктара Марціновіча. Хоць і ёсьць падабенства. Гэта – вынік дзейнасьці людзей, якія нават блізка ня маюць уяўленьня пра апошнія дэбаты ў фэйсбуку, а займаюцца сапраўднай працай.
Рэстарацыя «Росквіт» – плён ідэяў дзьвюх шчырых беларусак Дар’і і Алены. Калісьці яны працавалі тут, таму месца ім знаёмае, і пытаньня, дзе адкрываць сваю справу, не ўзьнікала. Дар’я – адміністратар, а Алена гаспадарыць на кухні. Менавіта ёй дзясяткамі ў дзень ляцяць з залі падзякі за неймаверна смачныя стравы.
За той месяц, што працуе «Росквіт», яго папулярнасьць у палачан і гасьцей гораду на вачах расьце. Наогул у плянах – разьвіваць рэстарацыю як культурную пляцоўку: праводзіць канцэрты, сустрэчы, выступы… Тут ужо адбылася сур’ёзная імпрэза – лекцыя вандроўніцы Хатару, на якую прыйшлі палачане.
Наперадзе яшчэ шмат працы. Інтэр’ер унутры адкідвае ў сацыялістычную мінуўшчыну – калёны, ляпніна, жырандолі… Але ў будучыні чакае шмат новага: будуць абноўленыя вітражы, зьявяцца карціны і мапы, а ў мэню – новыя, у тым ліку і вэгетарыянскія, стравы.
Рэстарацыя працуе штодня, без выходных, з 12:00 дня да 1:00 ночы. Дарэчы, з 12:00 да 16:00 у працоўныя дні тут прапануюць комплексныя абеды – калі рублі за 4 можна атрымаць паўнавартасны абед з дэсэртам. Дарэчы, гэта вельмі зручна для тых, хто карыстаецца паслугамі чыгункі – якраз час абеду, трэба пад’есьці перад дарогай… Іншая рэч, што, наеўшыся да адвалу, будзе цяжка зьяжджаць :)
Вельмі важным плюсам зьяўляецца музыка. Гэта тое, з чым у полацкіх кавярняў сапраўдныя праблемы – або з гучнасьцю, або з карцінкай (не люблю есьці піцу, калі на экране – аголеныя часткі цела, якія дэманстраваць наогул не прынята). У «Росквіце» вы такога не сустрэнеце. Прымальнае па ўзроўні гуку – недакучлівае, але выразнае — музычнае суправаджэньне складаецца з твораў пераважна беларускіх музыкаў: як вядомых, так і маладых выканаўцаў.
…На разьвітаньне заўсёды пытаюцца: «Ці спадабалася вам?» І проста разумееш, што ў цябе не хапае словаў, каб сказаць, наколькі. І рэч ня толькі ў смачнай ежы, але і ў надзвычайным гераізьме – не пабаяцца адкрыць рэстарацыю з сапраўдным беларускім адценьнем. Аплядырую.
Сланечнік, westki.info