Супрацоўнікі турфірмы не бяруць слухаўку ні па адным з нумароў, пазначаных на сайце. На зачыненых дзьвярох вісіць абвестка.
Некаторыя пішуць пра тое, што няўдалыя турысты ўжо ў аэрапорце даведаліся пра адмену свайго адпачынку. У ліку пацярпелых – людзі, якія ўжо аплацілі ўвесь тур альбо яго частку, але яшчэ не атрымалі ніякіх дакумэнтаў ад турфірмы, якія пацьвярджаюць бронь.
Жвавае абмеркаваньне гэтай падзеі ідзе ў сацсетках. Ашуканыя кліенты абвінавачваюць дырэктара турфірмы «Бефана» Тацяну Новікаву ў махлярстве і крадзяжы грошай. Тым ня менш многія ня могуць паверыць у вінаватасьць жанчыны, якая цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі пасьля няўдалай спробы суіцыду. Як нам паведамілі, дырэктарка турфірмы перарэзала вены і горла, але мэнэджэр, якая знайшла яе ў офісе, своечасова выклікала хуткую. Цяпер стан Тацяны Новікавай цяжкі.
Паводле інфармацыі, разьмешчанай у абвестцы турфірмы, грошы зь яе рахункаў скрадзеныя. Выказваюцца розныя вэрсіі таго, што адбылося: пра тое, што сродкі маглі выкрасьці супрацоўнікі фірмы, сама дырэктар вымушаная была пералічыць грошы на патрабаваньне мафіі альбо ў кошт выплаты буйных запазычанасьцяў. Аднак з тым, хто ж вінаваты ў крадзяжы сродкаў, найбліжэйшым часам будзе разьбірацца сьледзтва.
А што ж рабіць ашуканым кліентам турфірмы, вылеты якіх яшчэ далёка? Перш за ўсё, напісаць заяву ў міліцыю. Самастойна альбо праз праваахоўныя органы зьвязвацца з агентамі або з апэратарам і прасіць ануляваць туры. Тэарэтычна пры правільна складзеным лісьце ёсьць шанцы вярнуць хаця б частку грошай. Магчыма, пазьней нешта праясьніць сама турфірма.
Аня Шчарбіцкая, vkurier.by
Фота аўтара