Серада, 17 Жнівень 2016

У Віцебску пастаўленая на ўлік гарадзкая арганізацыя партыі БНФ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта першы за амаль 10 гадоў выпадак легалізацыі тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі БНФ у рэгіёнах.

Мясцовыя арганізацыйныя структуры партыяў надзеленыя паўнамоцтвамі ў межах  выбарчых кампаніяў вылучаць прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў. Падчас мясцовых выбараў толькі праз свае арганізацыйныя структуры партыі маюць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

У партыі БНФ адзначаюць, што за апошнія гады ўсе спробы пастаноўкі на ўлік партыйных арганізацыйных структур БНФ завяршаліся адмовамі. Напрыклад, партыі на працягу доўгага часу адмаўляюць у рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі. БНФ перад кожнай выбарчай кампаніяй падае дакумэнты на рэгістрацыю абласной арганізацыі, але чыноўнікі адмаўляюць у рэгістрацыі па надуманых падставах (напрыклад, у сувязі з афармленьнем пададзеных на рэгістрацыю дакумэнтаў неналежным шрыфтам). У выніку партыя БНФ у Гарадзенскай вобласьці ня мае зарэгістраванай структуры і пазбаўленая магчымасьці вылучаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі на тэрыторыі вобласьці.

Большасьць першасных і мясцовых аддзяленьняў БНФ у Віцебскай вобласьці былі ліквідаваныя ў 2003-2004 гадох (напярэдадні рэфэрэндуму аб зьняцьці абмежаваньняў на тэрміны прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў). Гэта было зьдзейсьненае рашэньнямі мясцовых уладаў у сувязі з увядзеньнем забароны на разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу арганізацыйных структур партыяў у жылых памяшканьнях па месцы жыхарства заснавальнікаў.

Палітоляг Юры Чавусаў пракамэнтаваў сайту  “Беларускі партызан” сытуацыю з рэгістрацыяй мясцовых аддзяленьняў партыяў і аб’яднаньняў у Беларусі:

“Фармальна ў Беларусі колькасьць мясцовых арганізацыйных структур партыяў досыць вялікая. На 1 студзеня 2016 году іх было 1127. Аднак у абсалютнай большасьці гэта аддзяленьні праўладных партыяў. Апазыцыйныя партыі, як правіла, маюць меншую колькасьць зарэгістраваных аддзяленьняў, часьцяком гэта той мінімум, які патрабуецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Адна з прычынаў – складанасьці з аплатай юрыдычнага адрасу, які павінен знаходзіцца ў нежылым памяшканьні (значыць, трэба аплачваць асобны офіс для кожнай аргструктуры). Праўладныя партыі тут карыстаюцца поўнай дзяржаўнай падтрымкай: мясцовыя ўлады даюць ім памяшканьні дзяржаўнай або муніцыпальнай уласнасьці бясплатна ці на льготных падставах. Напрыклад, для Камуністычнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці пастановай Савету міністраў нават усталяваны льготны каэфіцыент арэнднай платы (0,1 ад стаўкі арэнднай платы) – далёка ня ўсе дабрачынныя арганізацыі змаглі дамагчыся ад уладаў гэткай ільготы.

Аднак сама наяўнасьць юрыдычнага адрасу зусім не дае магчымасьці легалізацыі партыйнай структуры. Напрыклад, рух “За свабоду” неаднаразова спрабаваў зарэгістраваць мясцовыя аддзяленьні, але безвынікова. З гэтай прычыны дадзенае аб’яднаньне пазбаўленае магчымасьці вылучаць кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў і вылучаць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. Складанасьці з рэгістрацыяй арганізацыйных структур у рэгіёнах зьяўляюцца адной з прычын вылучэньня ва ўчастковыя камісіі малой колькасьці прадстаўнікоў апазыцыі: у некаторых апазыцыйных арганізацыяў папросту ня маецца неабходных для гэтага зарэгістраваных арганізацыйных структур, што было наглядна прадэманстравана падчас бягучай выбарчай кампаніі”, – сказаў Юрый Чавусаў.

narodny.org