Аўторак, 10 Верасень 2019

Пастноў чакае амністыі: крымінальную справу “за разгалашэньне дадзеных” спынілі

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Сьледчы камітэт спыніў крымінальную справу, распачатую супраць віцебскага доктара-нарколяга Ігара Пастнова за разгалашэньне дадзеных закрытага судовага паседжаньня (ч.1 арт. 407 КК РБ). Гэта вынікае з паведамленьня, якое атрымаў Ігар Пастноў зь Віцебскага гарадзкога аддзелу СК РБ.

Сьледчыя спынілі крымінальны перасьлед у дачыненьні Пастнова на падставе ч.2 арт. 250 КПК РБ у сувязі з тым, што “прадугледжанае крымінальным законам дзеяньне, якое выстаўлялася ў падазрэньне, не ўчынялася”.

Паведамленьне аб спыненьні перасьледу было дасланае на адрас галоўнага ўрача Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, дзе Пастноў знаходзіцца зараз на дабравольным лячэньні.

Нагадаем, крымінальная справа за разгалашэньне дадзеных закрытага судовага паседжаньня была заведзеная супраць віцябляніна 4 ліпеня 2019 году. Пастнова западозрылі ў тым, што ён выклаў у інтэрнэт поўны тэкст прысуду, паводле якога быў асуджаны Бешанковіцкім райсудом на тры гады “хіміі” за паклёп на пракурора. Прысуд на той момант яшчэ ня меў законнай сілы.

Крымінальная справа за разгалашэньне матэрыялаў закрытага суду была асноўнай перашкодай, каб у дачыненьні Пастнова была ўжытая амністыя, пад якую падпадаюць асуджаныя паводле арт.188 КК (Паклёп). Цяпер, калі крымінальны перасьлед па другой справе спынены, Ігар Пастноў можа чакаць амністыі.

“Так, у сувязі з тым, што крымінальную справу па арт. 407 КК спынілі, у дачыненьні Пастнова можа быць ужыты Закон аб амністыі”, – пацьвердзіў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.

“Але абавязковай умовай ёсьць ягоная, Пастнова, асабістая згода на амністыю”, – нагадаў праваабаронца.

 

Зьміцер Міраш