Суд Бешанковіцкага раёну пад старшынёўствам судзьдзі Натальлі Рошчынай прызнаў вінаватым Ігара Пастнова “ў распаўсюдзе заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), разьмешчаных у глябальнай сетцы Інтэрнэт”, і на падставе ч.2 арт. 188 КК Рэспублікі Беларусь пакараў яго абмежаваньнем свабоды на 3 гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Паводле выраку суду, выпраўленьне абвінавачанага “магчымае толькі шляхам ускладаньня абавязкаў, якія абмяжуюць ягоную свабоду ва ўмовах ажыцьцяўленьня за ім нагляду”.
“Іншыя віды пакараньняў для абвінавачанага неэфэктыўныя”, – гаворыцца ў прысудзе.
Нагадаем, што паседжаньні выязнога суду Бешанковіцкага раёну адбываліся ў Віцебску і праходзілі ў закрытым рэжыме.
Ад самага пачатку абвінавачанымі па справе аб паклёпе на пракурора Раманоўскага праходзілі два віцябляніна – Ігар Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард, але пазьней іх вытворчасьці разьдзялілі.
Павал Левінаў: Гэты прысуд – несправядлівы
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць прысуд Пастнову несправядлівым.
“Лічу, што наогул не павінна быць крымінальнай адказнасьці за абразу альбо паклёп. Гэта проста нонсэнс! А казаць пра тое, даказаная тут віна Пастнова ці не, таксама немагчыма, таму што, зь незразумелых прычынаў, судовае паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме”, – мяркуе Левінаў.
“Між тым, маніторынг паказаў, што асоба, якую абразілі і на якую ўзьвялі паклёп, у судзе практычна не зьяўлялася і ніякіх паказаньняў у судзе не давала. Прысуд быў збольшага абгрунтаваны на матэрыялах дасудовага сьледзтва. А казаць пра нейкае спаборніцтва бакоў у працэсе, калі аднаго боку не было, а другі бок судзьдзя выдаліла да канца разбору з залі паседжаньня, проста не выпадае. Таму – гэта поўная вакханалія ўладаў, у тым ліку судовай сыстэмы”, – дадаў праваабаронца.
Зьміцер Міраш