Пятніца, 12 Ліпень 2019

На віцебскага псыхіятра Пастнова завялі яшчэ адну крымінальную справу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Віцебскі гарадзі аддзел Сьледчага камітэту РБ распачаў 4 ліпеня супраць Ігара Пастнова крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 407 КК РБ (разгалашэньне дадзеных закрытага судовага паседжаньня).

Нагадаем, 20 траўня 2019 году “доктар-праўдаруб” Ігар Пастноў быў прызнаны вінаватым у паклёпе на пракурора гораду Віцебску Юрыя Раманоўскага (ч.2 арт. 188 КК) і пакараны судом Бешанковіцкага раёну на тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. У судовым паседжаньні, на якім судзьдзя Натальля Рошчына – ужо публічна – абвясьціла вырак, сам Пастноў адсутнічаў. Празь некаторы час ён апублікаваў поўны тэкст прысуду ў інтэрнэце. Менавіта гэты факт, на ягоную думку, і стаўся падставай для ўзбуджэньня новай крымінальнай справы паводле арт. 407 КК РБ.

“Супраць мяне распачатая чарговая крымінальная справа за тое, што я раскрыў дадзеныя закрытага судовага паседжаньня. Дадзеныя судовага паседжаньня, на якім я не прысутнічаў, з матэрыяламі якога мне адмовілі нават азнаёміцца. Вось у чым дзікасьць гэтай сыстэмы! Я адно толькі апублікаваў прысуд, які агучваўся ў адкрытым рэжыме…” – кажа Ігар Пастноў.

Між тым, віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік мяркуе, што гэткімі дзеяньнямі Пастноў мог-такі парушыць абавязкі аб неразгалашэньні дадзеных закрытага судовага сьледзтва.

“Наколькі мне вядома, абвінавачаны Ігар Пастноў быў папярэджаны аб неразгалашэньні дадзеных закрытага судовага паседжаньня і аб адказнасьці за парушэньне гэтых абавязкаў. Да разгляду апэляцыі ў Віцебскім абласным судзе, то бок да набыцьця прысудам законнай сілы, Ігар Аляксеевіч мог раскрыць, у тым ліку ў сетцы Інтэрнэт, толькі выніковую частку прысуду. Усе астатнія дадзеныя і факты судовага працэсу мог абвяшчаць публічна толькі з дазволу судзьдзі. Напэўна, такога дазволу Пастноў ня меў, чым парушыў абавязкі аб неразгалашэньні”, – патлумачыў праваабаронца Леанід Сьвецік.

У выпадку, калі віна Пастнова будзе даказаная ў судзе, то паводле ч.1 арт. 407 КК РБ яго могуць пакараць штрафам да 1000 базавых велічынь альбо арыштам да трох месяцаў.

Зьміцер Міраш