Бэтонная скульптура “Ленін з катом” была ўсталяваная на ўскрайку лесу за чыгуначнай станцыяй “Лучоса” ў кастрычніку 2018 году. Яе аўтар – віцебскі мастак і паэт Ігар Высоцкі.
У траўні 2019 году некалькі мужчын, якія пазьней назвалі сябе анархістамі, адбілі “правадыру” руку, а кату – галаву. Мужчын знайшлі па запісах камэраў назіраньня і пакаралі за хуліганства. Але празь месяц Ільліча зноў апаганілі – невядомыя аблілі ягоную фігуру чырвонай фарбай.
Пасьля аднаўленьня скульптурная кампазыцыя зьмянілася.
Раней Ленін рабіў левай рукой указальны жэст кату, цяпер – пагражае кулаком у накірунку гораду (адтуль відаць віцебскі мікрараён “Мэдцэнтар”), а кот пазірае ўгару.
Колер Леніна таксама зьмяніўся: з “бронзы” на “мэталік”.
Леніна з катом аднавілі
У інтэрвію СМІ аўтар скульптуры прызнаваўся, што дазволу на ўсталяваньне кампазыцыі не атрымліваў. “Ленін з катом” стаіць на вуліцы Радаснай у дачным пасёлку за станцыяй “Лучоса”.
Зьміцер Міраш, фота аўтара