Праграма прафэсійна–культурнага абмену Community Connections дазваляе бясплатна азнаёміцца з досьведам амэрыканскіх арганізацый, якія працуюць у самых розных сфэрах – ад дзяржаўнага кіраваньня да нефармальных супольнасьцяў.
Цягам 3 тыдняў удзельнікі праграмы жывуць у ЗША, яны могуць атрымаць унікальныя веды, падзяліцца досьведам, завязаць неабходныя кантакты.
Праграма рэалізуецца ў Беларусі ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час у ёй удзельнічалі больш за 1000 чалавек: журналісты, актывісты грамадзкіх арганізацый, прадстаўнікі бізнэс–супольнасьцяў, чыноўнікі, навуковыя супрацоўнікі і прадстаўнікі многіх іншых сфэраў нашага грамадзтва.
Паводле інфармацыі Марыны Арлоўскай, ад 2008 года стажыроўку па гэтай праграме прайшло больш за 20 чалавек зь Віцебску.
Для кожнага ўдзельніка ствараецца асобная праграма знаходжаньня, улічваюцца яго прыярытэты, пажаданьні, прафэсійны досьвед, іншыя нюансы.
Якія напрамкі прапануюцца
Праграма складаецца з двух асноўных блёкаў:
Прафэсійны – уключае наведваньне розных грамадзкіх арганізацый, бізнэс-карпарацый, органаў дзяржаўнай улады, рэдакцый СМІ, многіх іншых установаў.
Культурны – прадугледжвае знаёмства з амэрыканскім побытам і культурай, дазваляе ўдзельніку акунуцца ў паўсядзённае жыцьцё простага амэрыканца.
Кожны год тэмы праграмы зьмяняюцца. На 2020 год абвешчаны набор па 6 напрамках:
- Інклюзіўная адукацыя.
- Разьвіцьцё ініцыятыўнасьці і прадпрымальніцкіх звычак у падлеткаў (10-18 гадоў).
- Разьвіцьцё інавацыйнага прадпрымальніцтва.
- Журналістыка вырашэньняў (Solution Journalism): як распавядаць пра пасьпяховыя вырашэньні важных для грамадзтва задач.
- Эфэктыўныя інструмэнты працы з моладзьдзю.
- Комплекс сацыяльных паслугаў па арганізацыі незалежнага пражываньня людзей зь інваліднасьцю.
У выніку адбору па кожнаму напрамку будуць сфармаваныя групы па 10 чалавек у кожнай.
Сьмела падаваць заяўкі
Марына Арлоўская парэкамэндавала ўсім слухачам не баяцца ўдзельнічаць у конкурсным адборы і сьмела падаваць заяўкі. Нават калі маеш невялікі вопыт у той ці іншай сфэры, патрапіць у запаветную групу ня так ужо і складана. Важна толькі адказна падысьці да запаўненьня заяўкі і знайсьці дзьве рэкамэндацыі. Дакумэнты неабходна дасылаць па пошце толькі ў арыгіналах.
Для ўдзелу ў праграме не патрабуецца веданьне ангельскай мовы, падчас стажыроўкі ўдзельнікі карыстаюцца паслугамі перакладчыка.
На сустрэчы ў Віцебску прысутнічалі прадстаўнікі незарэгістраваных ініцыятываў, валянтэры розных грамадзкіх арганізацый, дзяржаўныя чыноўнікі, а таксама ўдзельнікі-пераможцы мінулых набораў.
Уладзімер Бяляўскі