Надзея Куканос была затрыманая ў Віцебску 11 красавіка 2019 году, правяла 4 месяцы ў СІЗА і 9 жніўня была вызваленая з-пад варты ў залі суду Першамайскага раёну – у дачыненьні да яе ўжылі “Закон аб амністыі”. Судаводзтва па крымінальнай справе было спыненае.
Але 18 жніўня Надзея Куканос накіравала ў суд Першамайскага раёну Віцебску прыватную скаргу, у якой просіць пастанову суду ад 9 жніўня адмяніць, а крымінальную справу накіраваць у той жа суд іншаму судзьдзі.
У скарзе яна тлумачыць, што была вымушаная згадзіцца на прымяненьне ў дачыненьні да яе акту амністыі, бо “знаходзілася ў стане моцнага душэўнага хваляваньня, баючыся за сваё жыцьцё”.
“Гэта была адзіная магчымасьць не вяртацца больш у СІЗА-2 і тым самым зьберагчы сабе жыцьцё і здароўе”, – піша ў скарзе Куканос.
Перад гэтым Надзея хадайнічала на судзе аб зьмяненьні меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, але суд у хадайніцтве адмовіў.
“Да наступнага паседжаньня я магла не дажыць – мяне б забілі ў СІЗА…”
Віцяблянка сьцьвярджае, што ў парушэньне арт.11 КПК яна ўтрымлівалася пад вартай ва ўмовах, якія былі небясьпечныя для яе жыцьця і здароўя. Зьведала ў сьледчым ізалятары гвалт, бязьлітаснасьць і абыходжаньне, якое зьневажала яе чалавечую годнасьць.
“Да наступнага судовага паседжаньня я магла папросту не дажыць – мяне б забілі ў СІЗА-2”, – сьцьвярджае Надзея Куканос.
Паводле жанчыны, у СІЗА яна правяла 75 сутак у карцэры, двойчы абвяшчала галодоўку. “Віцебскай вясьне” яна расказала, што за 4 месяцы ў СІЗА ніводнага разу не пабачыла мяса, яе зьбівалі і цкавалі сабакамі.
“Насамрэч мае намеры былі іншымі: я была і застаюся зацікаўленая ў судовым разборы, таму што ніякага злачынства не ўчыняла, а крымінальную справу лічу сфабрыкаванай, што і спадзявалася даказаць у судзе”, – піша ў скарзе.
Куканос просіць адмяніць пастанову суду Першамайскага раёну, згодна зь якой яна была вызваленая ад крымінальнай адказнасьці са зьняцьцем судзімасьці і скасаваньнем справы на падставе “Закона аб амністыі” і накіраваць справу на новы разгляд.
Нагадаем, супраць Надзеі Куканос былі заведзеныя аж тры крымінальныя справы за заведама ілжывыя даносы аб учыненьні злачынстваў (ч.2 арт.400 КК), якія пазьней былі аб’яднаныя ў адно справаводзтва. Пацярпелымі выступалі супрацоўнікі міліцыі і сьледчыя, якіх віцяблянка быццам бы абылгала. Жанчыне пагражала да 5 гадоў зьняволеньня.
Зьміцер Міраш