Панядзелак, 27 Красавік 2026

У Віцебску таксама паставяць помнік міліцыянту – на ўзор мінскага “Гарадавога”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Двухметровую  выяву “збіральнага вобраза міліцыянта ў форменным абмундзіраванні 1917-1923 гадоў “ паставяць каля абласнога ўпраўлення МУС. Аўтар манументальна-дэкаратыўнай скульптуры – віцебскі скульптар Аляксандр Гвоздзікаў. Адкрыццё новага аб’екта папярэдне прызначана на сакавік 2027 года – да 110-х угодкаў стварэння беларускай міліцыі.

Нагадаем, да 100-х угодкаў у Мінску з’явілася скульптура “Гарадавога”. Менавіта з ёй звязана некалькі прыкрых і амаль анекдатычных сітуацый, бо вялікай сімпатыі да міліцыянтаў у беларусаў няма, калі не сказаць горш. У 2018 г. прэс-служба МУС апублікавала відэаролік, на якім падлетак жартам дае аплявуху скульптуры. Хлопца затрымалі, склалі на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства і прымусілі на камеру прасіць прабачэння ў помніка. У 2017 г. актывіст  Вячаслаў Касінераў у знак пратэсту супраць міліцэйскага бязмежжа, праследавання актывістаў і журналістаў накінуў пятлю на шыю скульптуры. Суд прызнаў Касінерава вінаватым у хуліганстве і аштрафаваў на 105 рублёў.

Што да Віцебска, то гарадскія скульптуры рознага памеру, фасону і рознай ступені густоўнасці ўжо даўно апанавалі горад. Тут ёсць скульптуры аграменнай Залатой рыбкі і Клоуна, бабулі - прадавачкі кветак  і чалавека-велікана Фёдара Махнова... Цяпер запачаткавана завядзёнка ставіць міні-скульптуры Валошнікаў - на ўзор Уроцлаўскіх гномаў. І ўсё гэта - у самым цэнтры горада. Таму крыху цешыць, што помнік міліцыянту апынецца не ў самым людным месцы, і бачыць яго штодня будуць пераважна сучасныя калегі. 

Барыс Батураў