Нядзеля, 29 Верасень 2019

Алан Сьміт: Я дагэтуль бачу ўва сьне кашмары пра беларускую турму…

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Алан Сьміт. Фота: facebook.com Алан Сьміт. Фота: facebook.com

Роўна год таму 29 верасьня з калёніі “Віцьба” быў вызвалены грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сьміт, які правёў за кратамі ў Беларусі два гады. Гэтая дата для яго – дата свабоды. Але ў сваім лісьце  Алан прызнаецца, што дагэтуль сьніць кашмары пра віцебскую зону. Падаем атрыманы тэкст цалкам.

“29 верасьня будзе роўна год, як мяне вызвалілі з турмы “Віцьба-3”. Здаецца, што гэта адбылося ўжо вельмі даўно, маё жыцьцё моцна памянялася, але тыя жахлівыя часы я не забуду ніколі.

Час ад часу я атрымліваю лісты ад знаёмых, якія засталіся за калючым дротам на “Віцьбе”, і ведаю, што там “усё добра” – зьняволеных трымаюць у абцугах. Я стараюся ім дапамагчы чым магу, але мала што магу зрабіць, бо ў краіне, якой кіруе дыктатар, штосьці зьмяніць проста немагчыма.

Цяпер я вярнуўся да нармальнага жыцьця. Я зноў працую і разумею, як гэта людзям – жыць без свабоды і дэмакратыі. Цяпер я разам са сваёй сям’ёй і сваім сынам-немаўляткам Лео. Але думаю, што ўспаміны мінулага будуць перасьледаваць мяне да канца маіх дзён.

Алан з сынам Лео. Фота: Alan Smith

Так, у Беларусі са мной здараліся як дрэнныя, так і добрыя рэчы. Я навучыўся цаніць свабоду. Калі-нікалі я бачу сны, у якіх я яшчэ застаюся за кратамі, – гэтак да мяне вяртаюцца часы, праведзеныя там.

Многія людзі дапамагалі мне ў цяжкія часіны: мая “беларуска мама” Тацяна Касенка, тры мае “браты” – Павал Левінаў, Кастусь Мардзьвінцаў і Леанід Сьвецік. А таксама – многія сабраты па няшчасьці, якія засталіся ў вязьніцы. Зь некаторымі я кантактую дагэтуль. 

 

Алан з жонкай Магдай. Фота: Alan Smith

Я б вельмі хацеў яшчэ раз прыехаць у Беларусь. Але ня ў тую краіну, дзе пануе дыктатура.

Шмат хто казаў мне, што пасьля таго, як выйду на волю, я забуду ўсё як страшны сон. Але я даў сабе абяцаньне, што ніколі і нічога не забуду. Бо я быў невінаваты! Вось чаму я змагаўся за правы іншых зьняволеных. Я ўсё яшчэ вяду старонку на фэйсбуку Belarus in prison, стараюся дапамагчы ўсім ахвярам дыктатарскага рэжыму і іх сем’ям.

Нарэшце хачу пажадаць беларусам усяго самага найлепшага.

Божа, барані беларусаў! Жыве Беларусь! Зь любоўю – Алан Сьміт”.

Фота: Alan Smith

Нагадаем, Алан Сьміт быў асуджаны ў Беларусі за “арганізацыю незаконнай міграцыі”. Ён кіраваў фірмай, якая займалася арганізацыяй мэдычнай апекі замежнікаў, у тым ліку ў Беларусі. Паводле Сьміта, ён набыў квіткі на цягнік “Берасьце–Тэрэспаль” групе грамадзянаў Іраку. Беларускі суд прысудзіў яму два гады зьняволеньня за арганізацыю незаконнай міграцыі. Брытанец ня мог разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, бо катэгарычна адмаўляўся прызнаць віну.

З калёніі “Віцьба-3” быў вызвалены 29 верасьня 2018 году.

 

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.