Нагадаем, Надзея Куканос была затрыманая 11 красавіка 2019 года на чыгуначным вакзале ў Віцебску і была зьмешчаная ў СІЗА-2, дзе ад таго часу і знаходзілася. Стала вядома таксама, што зь СІЗА яе прымусова дастаўлялі ў цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках для правядзеньня судова-псыхіятрычнай экспэртызы.
Супраць Куканос былі распачатыя аж тры крымінальныя справы па ч.2 арт.400 (Загадзя ілжывы данос аб учыненьні злачынства), якія пазьней былі аб'яднаныя ў адно справаводзтва. Актывістцы пагражала да 5 гадоў зьняволеньня.
Куканос прасіла зьмяніць меру стрыманьня – ёй адмовілі
Пацярпелымі па справе выступалі супрацоўнікі міліцыі і сьледчыя, якіх актывістка нібыта абылгала. На судовае паседжаньне прыйшлі ня ўсе, у зале суду прысутнічала толькі трое пацярпелых міліцыянтаў – Радзэвіч, Шабалін і Башура. У судзе актывістку падтрымлівалі яе паплечнікі па незарэгістраваным абʼяднаньні “За сумленную ўладу”, а таксама сябры і знаёмыя.
На самым пачатку паседжаньня старэйшы памочнік пракурора горада Віцебску Аляксандар Дзядзюра заявіў хадайніцтва аб спыненьні крымінальнай справы і вызваленьні абвінавачанай ад крымінальнай адказнасьці ў адпаведнасьці з законам “Аб амністыі ў сувязі з 75-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Згодна з законам, асобы, якія дасягнулі пэнсійнага веку вызваляюцца ад крымінальнай адказнасьці і супраць іх спыняецца “папярэдняе расьсьледаваньне па крымінальных справах, якія знаходзяцца ў вытворчасьці ў органах, i вытворчасьць па крымінальных справах, не разгледжаных судамі”.
Але абвінавачаная заявіла, што хадайніцтва дзяржабвінаваўцы несвоечасовае, і агучыла сваё хадайніцтва – аб зьмяненьні ёй меры стрыманьня на падпіску аб ня выезьдзе. Запэўніла, што не зьбіраецца ўцякаць ад суду, бо лічыць сябе невінаватай і зацікаўленая прыходзіць на паседжаньні ды дамагацца справядлівасьці. Зазначыла, апроч таго, што не нясе ніякай небясьпекі для грамадзтва, таму трымаць яе пад вартай няма ніякага сэнсу.
Пацярпелыя былі ня супраць зьмены меры стрыманьня, але пракурор выказаўся супраць.
Пасьля гадзіннага перапынку судзьдзя Тацяна Родзіна падтрымала меркаваньне пракурора і адмовіла актывістцы ў хадайніцтве аб зьмене меры стрыманьня.
Пасьля гэтага Куканос сама заявіла хадайніцтва аб прымяненьні ў дачыненьні да яе закону аб амністыі. Суд падтрымаў яе хадайніцтва, прыняўшы пастанову аб яе вызваленьні. Крымінальная справа супраць Надзеі Куканос спыненая, яе вызвалілі з-за кратаў у залі суду.
Куканос сьцьвярджае, што ў СІЗА яе катавалі
Вызваленая па амністыі актывістка расказала пасьля суду, у якіх умовах утрымлівалася ў сьледчым ізалятары.
Паводле яе словаў, супрацоўнікі СІЗА неаднойчы яе зьбівалі і катавалі, наўмысна зламалі яе акуляры. Віцяблянка сьцьвярджае, што была вымушаная абвясьціць у СІЗА дзьве галадоўкі, якія трымала 19 і 11 дзён. Кажа, што 75 сутак правяла ў карцэры.
Павал Левінаў: Гэта цяжка назваць правасудзьдзем…
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на працэсе, гаворыць, што яму незразумела, як можна ўжыць амністыю без судовага сьледзтва.
“Гэта мерапрыемства, на якім я прысутнічаў, наогул правасудзьдзем назваць немагчыма. Пракурор прасіў прымяніць акт аб амністыі, які прадугледжвае вызваленьне ў залі суду, і ў той жа час ён выступае супраць зьмены меры стрыманьня. Мне таксама незразумела, як можна ўжыць амністыю, калі няма выраку суду. Прымяненьне амністыі без судовага сьледзтва гаворыць, што чалавек прызнаны вінаватым і да яго ўжытая амністыя, хоць судовага сьледзтва не было і судом не ўстаноўлена, што чалавек учыніў супрацьпраўнае дзеяньне”, – сказаў Павал Левінаў.
Праваабаронца выказаў таксама абурэньне з той прычыны, як праваахоўнікі абыходзіліся з Куканос.
“Калі чалавек, які ніяк не пагражае небясьпекай грамадзтву, знаходзіцца на вачах гэтага грамадзтва ў клетцы, як у заапарку, калі чалавека водзяць перад людзьмі закутага ў кайданкі – гэта дзіка і не дапушчальна для цывілізаванай дзяржавы…” – мяркуе Левінаў.
Уладзімер Бяляўскі