Чаму вяртаемся да справы Голубева
Нядаўна Дзьмітрый Голубеў, які адбывае пакараньне ў Жодзінскай турме №8, атрымаў адказ з Адміністрацыі прэзыдэнта на сваё хадайніцтва аб памілаваньні. У прашэньні ён піша пра падзеі той ракавой раніцы і кажа пра судовую памылку ды абвінаваўчы ўхіл сьледзтва.
Вяртаемся да той гучнай справы яшчэ і з той прычыны, што ў прэсе гэты працэс асьвятляўся спрошчана і тэндэнцыйна. Дзяржаўныя СМІ, перапісваючы рэлізы СК, “ляпілі”, з аднаго боку, вобраз бязьлітаснага забойцы, а з другога – бездакорнага героя, абаронцы прыроды і ўсяго жывога на зямлі, які стаўся нявіннай ахвярай крыважэрнага браканьера. СМІ сьцьвярджалі, што Раўкоў быў застрэлены ва ўпор пры спробе наблізіцца да чалавека з ружжом.
Але, здаецца, ня ўсё так проста.
Прозьвішча забітага таксама было гучнае і прыдатнае для гераізацыі – Раўкоў.
Чатыры гады таму хіба што партал TUT.BY у сваіх рэпартажах з судовых паседжаньняў спрабаваў агучыць, акрамя абвінаваўчай, вэрсію Голубева. У Віцебскім абласным судзе (старшыняваў Яўген Даўлюд) абвінавачаны сьцьвярджаў, што ня меў аніякіх матываў забіваць Раўкова і што той сам справакаваў сьмяротны стрэл.
Адвакат жа заяўляў, што “трагедыю ад самага пачатку дасьледавалі аднабакова, у тым ліку з-за ажыятажу ў прэсе”.
Дзьмітрыў Голубеў так і не прызнаў сваёй віны ў наўмысным забойстве. Не прызнае яе і зараз, праз 4 гады пасьля трагедыі. Акурат пра гэта піша ў сваім прашэньні аб зьмякчэньні меры пакараньня. Але, як і варта было чакаць, прэзыдэнт у памілаваньні адмовіў.
Тэкст прашэньня трапіў у рэдакцыю “Віцебскай вясны”, таму некалькі вытрымкаў з хадайніцтва аб памілаваньні Дзьмітрыя Голубева публікуем тут. Публікуем, бо лічым, што нават чалавек, асуджаны правесьці за кратамі ўсё жыцьцё, мае права быць выслуханы, пачуты і зразуметы, ня кажучы ўжо пра права на справядлівасьць…
“Наўмыснага забойства не было…”
“Наважыўся зьвярнуцца да Вас (зьвяртаецца да прэзыдэнта - ВВ) з просьбай аб памілаваньні, каб расказаць пра судовую памылку, якая стала пагібельнай для мяне і маёй сям’і… Расказаць пра тое, як сьледчы Сьледчага камітэту РБ палкоўнік юстыцыі Навікевіч зь няшчаснага выпадку зрабіў асабліва цяжкае злачынства (забойства), за два месяцы правёў бліц-расьсьледаваньне і перадаў справу ў Генпракуратуру. Пры гэтым не правёў шэрагу важных сьледчых дзеяньняў, якія б дапамаглі мне даказаць, што ніякага наўмыснага забойства не было.
Быў няшчасны выпадак, у выніку якога загінуў дзяржінспэктар аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры Прэзыдэнце РБ Раўкоў Г.І., які сам жа гэта ўсё і справакаваў…”
“У мяне не было браканьерскіх прадуктаў паляваньня”
“Мая віна ў тым, што ранкам 11 красавіка 2015 году я сапраўды ішоў па полі з незарэгістраванай старой паляўнічай стрэльбай... У мяне не было матыву на зьдзяйсьненьне злачынства. Я хацеў толькі пастраляць па мішэнях (бляшанках) і нікога не зьбіраўся забіваць. Браканьерскіх прадуктаў паляваньня ў мяне не было. Генадзя Іванавіча Раўкова я ніколі ня бачыў і ня ведаў. Мы зь ім не былі знаёмыя…”
“Мужчына пачаў вырываць у мяне стрэльбу”
“З кустоў на мяне выскачыў незнаёмы мужчына ў камуфляжным адзеньні… і пачаў вырываць у мяне стрэльбу. Мая рука прасьлізнула па курку, спускавым кручку – і прагучаў стрэл. Стрэльба старая і ня мае сыстэмы засьцярогі…”
“Калі наўмыснага забойства я не ўчыняў – як я гэта прызнаю?..”
“Сьледчы ад самага пачатку праводзіў расьсьледаваньне толькі з абвінаваўчым ухілам, нават не спрабуючы правесьці яго “ўсебакова, поўна і аб’ектыўна”, як таго патрабуе Крымінальна-працэсуальны кодэкс РБ. Мяне вымушалі прызнацца ў наўмысным забойстве, матывуючы тым, што “будзе меншы тэрмін пакараньня”. Але калі я наўмыснага забойства не ўчыняў – дык як я гэта прызнаю?..”
“Ніхто са службовых асобаў і не задумваўся, каб дамагчыся праўды. Ім прасьцей было схаваць мяне ў турму на пажыцьцёвае, каб мяне не было ні бачна, ні чутна і каб ніхто ніколі не даведаўся праўды. А пасьля – цалкам забыцца на мяне…”
“Раўкоў не знаходзіўся тым ранкам у рэйдзе…”
“Раўкоў Г.І. не знаходзіўся тым ранкам у рэйдзе. Ён знаходзіўся ў ваколіцах вёскі Петрашы па асабістых матывах, даказаць якія мне не дазволілі. Дакумэнты на рэйд афармляліся прамінулым днём, ужо пасьля трагедыі. Сьледчаму і ў суд былі пададзеныя розныя дакумэнты, але судзьдзя палічыў за лепшае гэтага не заўважыць…”
“Ён ня быў апрануты ў форменнае абмундзіраваньне”
“Генадзь Іванавіч тым ранкам ня быў апрануты ў форменнае абмундзіраваньне, ня меў нагруднага знаку дзяржінспэктара, што пацьвярджаецца пратаколам агляду месца здарэньня ад 11 красавіка 2015 году і прыгаворам суду (ліст 8): “…на полі знаходзіўся труп Раўкова Г.І. з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці, на трупе адзета: 2 курткі, нагавіцы, майка (усё колеру “камуфляж”), трусы, красоўкі”. Такі камуфляж носяць зараз і паляўнічыя, і рыбаловы, і простыя грамадзяне. І ў той ранак я таксама быў апрануты ў камуфляжнае адзеньне…”
“Дык па якім жа прыкметам я мог вызначыць, што гэта прадстаўнік Дзяржінспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь? Раўкоў Г.І. мне не назваўся, але патрабаваў аддаць стрэльбу. А незнаёмаму мужчыне, які пры гэтым лаецца матам, і Вы б стрэльбу не аддалі…”
“У крыві Раўкова выяўлены алькаголь”
“У рэйдавай групе абавязкова мусіў быў быць супрацоўнік Талачынскага РАУС, якога не было зь імі тым ранкам…”
“Паводле сваіх службовых абавязкаў Раўкоў Г.І. быў рыбным інспэктарам. А ў ваколіцах в. Петрашы на шмат кілямэтраў ня маецца ані рэкаў, ані вадаёмаў…”
“Тым ранкам я быў цьвярозы, а ў крыві Раўкова Г.І. судова-мэдычным экспэртам выяўленая “наяўнасьць алькаголю”. Але, на жаль, усё гэта засталося незаўважаным судзьдзём…”
“Аляксандар Рыгоравіч, прашу мне паверыць…”
“Аляксандар Рыгоравіч, прашу мне паверыць, што я не ўчыняў наўмыснага забойства, паверыць у маё шчырае і глыбокае пакаяньне і дапамагчы мне даказаць маю невінаватасьць у наўмысным забойстве. Здарыўся няшчасны выпадак, калі Раўкоў парушыў правілы абыходжаньня са зброяй і прагучай пагібельны выстрал…
Я абскардзіў прысуд ва ўстаноўленым Законам парадку. Двойчы зьвяртаўся ў Вярхоўны суд, шэсьць разоў – у Генэральную пракуратуру. Але, на жаль, ні Вярхоўны суд, ні Генпракуратура ня хочуць уваходзіць у сутнасьць справы і разьбірацца…”
“Няўжо я больш небясьпечны, чым банда Молнара?..”
“Чаму ў нашай краіне прасьцей асудзіць невінаватага, чым пераканацца ў ягонай невінаватасьці і вынесьці аб’ектыўны і адэкватны прысуд. 17.11.2017 году Магілёўскім судом быў вынесены прысуд па справе “банды Молнара” ў дачыненьні 29 чалавек, якія ўчынілі цягам 2009-2014 гадоў больш за 80 злачынстваў, больш за 800 чалавек пацярпелых. Дык верхаводу банды прыгаварылі да 18 гадоў пазбаўленьня волі, астатнім удзельнікам далі ад 5 да 15 гадоў. Мяне ж за няшчасны выпадак асудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня. Няўжо я адзін (просты рабацяга) больш небясьпечны для грамадзян, чым 29 фігурантаў банды Молнара?..”
“Маюцца ўсе падставы для таго, каб выправіць памылку сьледзтва і судовую памылку. Пакараньне мусіць быць справядлівым. Тады і адбываць яго будзе ня так крыўдна.
Я вам клянуся, што наўмыснага забойства не ўчыняў…”
Пажыцьцёвы тэрмін. І мэдаль “За адвагу”
Дзьмітрый Голубеў быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне 30 кастрычніка. Але яшчэ да сканчэньня суду, 2 кастрычніка, прэзыдэнт падпісаў указ аб узнагароджаньні інспэктара прыродааховы Генадзя Раўкова пасьмяротна мэдалём “За адвагу”. У лістападзе 2015-га на будынку мэханіка-эканамічнага каледжу ў Воршы ў гонар Раўкова была адкрытая памятная дошка.
Многія з тых, у тым ліку паляўнічых, хто асабіста ведаў Дзьмітрыя Голубева і хто сутыкаўся з інспэктарам Раўковым, маюць вялікія сумневы, што гісторыя гэтага забойства ўяўляе сабой банальнае супрацьстаяньне дабра і зла, як гэта вынікае з матэрыялаў справы. Падобна на тое, што ўсё нашмат складаней. Але ці ўдасца дамагчыся праўды, а тым больш апраўданьня – вялікае пытаньне…
Зьміцер Міраш