Паплечнік Надзеі Куканос па незарэгістраваным аб’яднаньні “За сумленную ўладу” Пётар Іваноў мяркуе, што зь віцебскага сьледчага ізалятару яе маглі прымусова этапаваць у псыхіятрычную лякарню ў Навінкі ці адвезьці ў ІЧУ, але пацьвердзіць інфармацыю не ўдалося.
“Яны ўсё ўтойваюць і праўды ня кажуць. Як будзе разьвівацца сытуацыя, мы ня ведаем”, – кажа Пётар Іваноў.
Паводле ягоных зьвестак, Куканос узялі пад варту з санкцыі пракурора гораду Віцебску Юрыя Раманоўскага.
Раней у дачыненьні да Надзеі Куканос былі распачатыя тры крымінальныя справы, якія былі пазьней аб’яднаныя ў адну вытворчасьць. Усе – паводле артыкулу 400 КК (“Заведама ілжывы данос”). Дзьве зь іх былі распачатыя пасьля заяваў жанчыны аб тым, што службовыя асобы чынілі над ёй гвалт. Апошняя крымінальная справа зьявілася пасьля таго, як у жніўні 2018-га Куканос напісала скаргу аб яе прымусовым зьмяшчэньні ў псыхіятрычную клініку. Пацярпелымі ў гэтых справах выступаюць сьледчыя і міліцыянты.
Пётар Іваноў сьцьвярджае, што крымінальныя справы, узбуджаныя супраць актывісткі, былі толькі падставай, каб узяць яе пад варту. Паводле яго, асноўнай прычынай было тое, што Надзея Куканос запісалася напярэдадні арышту на прыём да генпракурора, якога чакаюць у Віцебску 26 красавіка.
“У яе было шмат забойчых сьведчаньняў аб тым, як дзейнічае гарадзкая пракуратура пад прыкрыцьцём пракурора Раманоўскага”, – кажа Іваноў.
Ён таксама мяркуе, што прычынай “нэўтралізацыі” Куканос можа быць і судовы працэс над ейнымі паплечнікамі Ігарам Пастновым і Рафаэлем Кірылавым-Шмільхольдхардам, які пачнецца 22 красавіка і пройдзе ў закрытым рэжыме. Іх абвінавачваюць у паклёпе на таго ж самага пракурора Раманоўскага (арт. 188 КК РБ).
Зьміцер Міраш