Ініцыятыва «Лісты ў клетачку» спыняе працу
Ініцыятыва «Лісты ў клетачку» была створана дзеля падтрымкі ахвотных ліставацца з палітвязнямі. Калі такі чалавек хацеў напісаць словы падтрымкі зняволеным па палітычных прычынах, але не ведаў адраса турмы ці калоніі, ён мог даслаць ліст праз сервіс. Але цяпер ён спыняе сваё існаванне – найперш праз адсутнасць зваротнай сувязі, бо ў месцах зняволення практычна перасталі перадаваць лісты палітзняволеным ад чужых людзей. Дай допісы ад сваякоў даходзяць да іх далёка не ўсе.
Палітвязня Андрэя Кузнечыка этапавалі ў Наваполацкую калонію
Ураджэнец Віцебску, журналіст Радыё Свабода Андрэй Кузнечык, асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі па справе аб экстрэмісцкім фармаванні, прыбыў адбываць пакаранне ў наваполацкай калоніі №1. Ліст са штэмпелем гэтай установы атрымала жонка палітзняволенага Алеся Рак. Суддзя Магілёўскага абласнога суду Ігар Шведаў прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), і прызначыў пакаранне ў выглядзе зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тэрмін 6 гадоў.
Палітзняволеная Яна Пінчук са Смаленска дастаўлена ў Віцебск
Расейскія ўлады задаволілі запыт Генеральнай пракуратуры Беларусі аб выдачы 25 гадовай Яны Пінчук для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. 1 верасня 2022 года маладая жанчына перададзена на тэрыторыю Беларусі і ўжо змешчаная ў Віцебскі абласны ізалятар №2. Крымінальная справа ў дачыненні да Яны Пінчук знаходзіцца ў вытворчасці Віцебскага гарадскога аддзела Следчага камітэта.
Рыхтуецца да друку каляндар з малюнкамі палітвязня Паўла Севярынца
Пра намер выдаць каляндар на 2023г. з малюнкамі, якія Павел Севярынец дасылае з-за кратаў, паведаміла ў Фэйсбуку ягоная жонка Вольга. Паводле Вольгі Севярынец, зняволены палітык і моладзевы лідар даслаў з калоніі не адзін дзясятак выяваў розных храмаў Беларусі, і неўзабаве частка гэтых малюнкаў станецца ілюстрацыямі да папяровага календара.
Палітзняволеная Яна Пінчук знаходзіцца ў Смаленскім СІЗА. Хутка яе даставяць у Віцебск
Палітзняволеная беларуска Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА ў Смаленску. У аўторак яе наведаў адвакат. Раней Пінчук з Пецярбурга перавялі ў Маскву, далей — у Яраслаўль, Бранск. Расійскія ўлады збіраюцца выдаць дзяўчыну Беларусі. Канчатковым пунктам гэтага доўгага драматычнага "падарожжа" стане Віцебскі абласны следчы ізалятар №2.