Пра тое, што адышла і ледзь трымаецца адна з памятных плітаў на правай частцы мэмарыялу “Боль” (на перасячэньні вуліц Воінаў-Інтэрнацыяналістаў і Чкалава), віцябляне паведамілі на службу “115” яшчэ 2 ліпеня.
Але дагэтуль пліту не замацавалі.
Адна з памятных плітаў на мэмарыяле "Боль" ледзь ліпіць
Помнік воінам-аўганцам “Боль” быў узьведзены ў 1997 годзе (скульптар Іван Казак).
Помнік воінам-інтэрнацыяналістам у Віцебску
Нагадаем, што сёлета ў парку Пераможцаў улады зьбірюцца ўсталяваць помнік у гонар дэсантнікаў. Аўтар ужо гатовай скульптуры таксама Іван Казак.
Разбураецца і помнік камсамольцам-падпольшчыкам Чыгуначнага раёну, загінулым падчас вайны 1941-1945 гг.
Стэла на вуліцы Касманаўтаў
Помнік знаходзіцца ў сквэры за Палацам творчасьці дзяцей і моладзі і насупраць галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй на вуліцы Касманаўтаў у Віцебску.
Неадкладнага рамонту патрабуе падмурак пад мэмарыяльную пліту. Стэла была ўзьведзеная ў 1985 годзе.
Помнік віцебскім падпольшчыкам, які стаіць за Смаленскім рынкам, у верхняй частцы пакрысе зарастае мохам. На самым версе стэлы прарасьлі маладзенькія дрэўцы.
Помнік віцебскім падпольшчыкам на 1-й Чырвонабрыгаднай
Якім бы безгустоўным ні выглядаў гэты мэмарыял, ён тым больш патрабуе павагі і догляду. Гэта нашая памяць. Усталяваны ў 1968 годзе.
Нагадаем, зусім нядаўна ў цэнтры Віцебску быў усталяваны помнік Фёдару Махнову – самаму высокаму чалавеку ў сьвеце. Зьявілася ў горадзе і скульптурная кампазыцыя, прысьвечаная рэчцы Лучосе.
Гарадзкія ўлады плянуюць таксама ўсталяваць у Віцебску помнік міталягічнай заснавальніцы гораду княгіні Вользе. Супраць устаноўкі гэтага помніку выступіла грамадзкасьць. “Практыку ўсталяваньня ў Віцебску супярэчлівых з гістарычнага пункту гледжаньня альбо проста недарэчных помнікаў” аўтары пэтыцыі, накіраванай у красавіку 2018 году ў Віцебскі гарвыканкам, назвалі “помнікаманіяй”. Гарвыканкам паведаміў заяўнікам, што не зьбіраецца адмаўляцца ад плянаў усталяваньня помніка.
Але пакуль што “айцы гораду” не даюць рады з захаваньнем належным чынам помнікаў, якія стаяць у Віцебску ўжо дзясяткі гадоў.
Зьміцер Міраш, фота аўтара