Выставу складаюць больш за 20 стэндаў з рэпрадукцыямі старых фотаздымкаў і шагалаўскіх працаў, вытрымкамі з успамінаў ды тэкстамі. Як заўважыла на пачатку экскурсіі Людміла Хмяльніцкая, “гэтая выстава прызначаная для таго, каб глядзець яе носам – уважліва разглядаць здымкі, чытаць тэксты”.
Адчыняюць экспазыцыю фотапартрэты Марка і Бэлы. А задае тон – вялікая і пранізьлівая цытата зь пасьляслоўя Марка Шагала да кнігі ўспамінаў Бэлы Шагал “Прамянеючыя агні” (“Горящие огни”), якая была выдадзеная ў 1946 годзе, ужо пасьля сьмерці Бэлы. “Доўгія гады яе любоў асьвятляла ўсё, што я рабіў…” – пісаў Шагал.
Марк і Бэла. Фота з выставы
Выстава “Бэла Шагал. Партрэт жонкі мастака” раскрывае шмат таямніцаў і стварае ў выніку вобраз жанчыны, які дагэтуль мог падавацца камусьці занадта простым і плоскім (“Муза Шагала”).
Ніжэй – толькі некалькі штрыхоў і фактаў з інфармацыйна (і эмацыйна!) насычанай экскурсіі.
На 5 гадоў сябе “амаладзіла”
Дата народзінаў Бэлы Шагал, выбітая на яе надмагільным камяні (1895), не адпавядае сапраўднасьці, сьцьвярджае Людміла Хмяльніцкая. Насамрэч Бэла Розэнфэльд нарадзілася ў Віцебску ў 1889 годзе, гэта ўжо пацьверджана дакумэнтальна (прынамсі – паперамі зь віцебскай жаночай гімназіі).
Бэла. 1911 год. Фота з выставы
Хмяльніцкая мяркуе, што гэта была жаночая (і “цалкам даравальная”) хітрасьць. Такім чынам, Бэла ўсяго на два гады была маладзейшая за Марка Шагала.
Дом Вітэнбэрга і віцебскі шакаляд
Бэла нарадзілася ў так званым доме Вітэнбэргу. Гэты дом, унікальны для Віцебску паводле архітэктуры, стаяў раней на Смаленскай вуліцы (цяпер – Леніна), прыкладна там, дзе знаходзіцца зараз помнік Альгерду. У гэтым доме і жыла сям’я Розэнфэльдаў (было 8 дзяцей), там жа знаходзілася адна з дзьвюх ювэлірных крамаў бацькі – Шмуля-Нэўха Розэнфэльда.
У доме разьмяшчаліся таксама гатэль “Бразі”, фотаатэлье Макоўскага, мэблевая крама Шэхтэра і шмат чаго яшчэ. Была і цукерня “Жан Альберт”. Калі ў ёй варылі шакаляд – ашаламляльны водар распаўсюджваўся на ўсё навакольле. Малая Бэла адразу ж выбягала на вуліцу, бо цукернік дазваляў ёй аблізваць лыжку пасьля разьмешваньня шакаляду. Проста вобраз… Гэта быў іншы Віцебск.
Дом Вітэнбэрга не захаваўся. Быў пашкоджаны падчас Другой сусьветнай, але канчаткова яго зраўнавалі зь зямлёй за Саветамі. Праект аднаўленьня гасьцініцы “Бразі”, які абмяркоўвалі яшчэ 10 гадоў таму, на жаль, не ажыцьцявіўся.
Шагал пабачыў яе ў “салёне Тэі”
Як вядома, Бэла скончыла Аляксееўскую жаночую гімназію, якая знаходзілася раней каля Кіраўскага мосту (цяпер – пл. Тысячагодзьдзя, будынак не захаваўся). Тэя Брахман была сяброўкай Бэлы па гімназіі. Маці яе працавала ў тэатры, таму ў доме Тэі часта зьбіралася віцебская багема. Заходзіў туды і Шагал.
Бэла (крайняя зьлева) з братамі і сёстрамі. Фота з выставы
У кнізе “Маё жыцьцё” мастак піша, што спачатку ў яго быў раман з Тэяй, але калі пабачыў там Бэлу, то зразумеў, што “ня з Тэяй павінен быць, а з Бэлай…” Была чароўная.
Адбівалася ад “жаніхоў” у Маскве
Калі Бэла ўжо вучылася на вышэйшых жаночых курсах у Маскве, даводзілася адбівацца ад “жаніхоў”. Прыхільнікаў у прыгажуні дачкі віцебскага ювэліра было шмат.
Падчас экскурсіі па выставе
“Знайшла ў сабе сілы і сьмеласьць супрацьстаяць націску бацькоў і жаніхоў, каб дачакацца свайго мастака-летуценьніка”, – расказвае Людміла Хмяльніцкая. Вясельле адбылося ў 1915 годзе, пасьля вяртаньня Шагала з Парыжу.
Перажыла жахлівыя часы ў Петраградзе
У 1915 годзе яны пераехалі ў Пецярбург. У 1916-м у Бэлы і Марка нарадзілася дачка Іда. Праз год здарылася рэвалюцыя. Страшныя часы: нельга было дастаць ні малака, ні хлеба, ні дроў. “І гэтая буржуазная дзяўчынка, выхаваная ў дастатку, зь дзіцём на руках, усё гэта вытрымала. Была як Мадона…” – гаворыць Хмяльніцкая.
Цытуем Шагала (“Маё жыцьцё”): “З намі нашая дачурка. Даруй, радная, што толькі на чацьвёрты дзень пасьля твайго нараджэньня прыйшоў зірнуць на цябе. Цяпер мне сорамна. Я хацеў хлопчыка, а нарадзілася ты…”
Кнігу ўспамінаў напісала на ідыш
Бэла Шагал была таленавітая. Марыла стаць тэатральнай акторкай. У Маскве наведвала тэатральную студыю, грала на сцэне. А ўжо на эміграцыі, у Амэрыцы, яскрава праявіла свае літаратурныя здольнасьці. Прычым кнігу ўспамінаў “Прамянеючыя агні” напісала на ідыш – мове свайго віцебскага дзяцінства. Гэта было вельмі важна для яе. Каб успомніць і ўзнавіць мову, запрасіла настаўніка.
Але гэта быў ня проста ідыш, гэта быў свайго кшталту "віцебскі ідыш", з адмысловай лексыкай і выразамі, якія габрэі ўжывалі толькі тут.
“І гэтая кніга напісаная такой мовай, што думаю: калі б Бэла ня стала жонкай Марка Шагала і “ўсім для яго”, то стала б пісьменьніцай Бэлай Розэнфэльд ці акторкай Бэлай Розэнфэльд. Але гэтага не адбылося. Усё сваё жыцьцё яна прысьвяціла мужу”, – кажа Людміла Хмяльніцкая.
Бэла Шагал раптоўна сышла з жыцьця ў 1944 годзе.
“2 верасьня, калі Бэла пакінула гэты сьвет, выбухнулі грымоты, хлынуў лівень. Усё пакрылася цемрай…” – пісаў Шагал у пасьляслоўі да ўспамінаў жонкі.
Працягваюць справу сваёй бабулі
Марк Шагал меў двух унучак і ўнука (дзеці Іды). Адну з унучак таксама завуць Бэлай. Бэла Мэер, выпускніца Сарбоны і доктар гісторыі мастацтва, жыве ў Нью-Ёрку. У 1997 годзе, разам зь сястрой Мэрэт, прыяжджала ў Віцебск, на радзіму сваёй цёзкі-бабулі.
“Вялікую калекцыю працаў Шагала музэй атрымаў у падарунак якраз ад нашчадкаў мастака. За што нізкі ім паклон, бо яны працягваюць справу сваёй цудоўнай бабулі – Бэлы Шагал”, – зазначыла напрыканцы экскурсіі Людміла Хмяльніцкая.
Зьмястоўная, густоўная і выдатная выстава пра жанчыну, якой мусім ганарыцца.
Выставу “Бэла Шагал. Партрэт жонкі мастака” ў Арт-цэнтры Шагала ў Віцебску можна наведаць аж да 16 верасьня. Праект, які варты ўвагі.
Зьміцер Міраш, фота аўтара