Ладзіць культурніцкія «івэнты» на пляцоўках прамысловых прадпрыемстваў, якія мала выкарыстоўваюцца або наогул закінутыя, стала модна апошнім часам у розных постіндустрыйных краінах. Дакаціліся новыя павевы і да Віцебску.
Уваход на імпрэзу быў бясплатны – такая прынцыповая пазыцыя арганізатараў. Але для ўсіх ахвотных, хто хацеў фінансава падтрымаць «картонку», на тэрыторыі пляцоўкі былі ўсталяваныя цыліндрычныя ёмістасьці для ахвяраваньняў з надпісам «Free Donation».
Наведвальнікаў аказалася ня шмат – ці то паўплывала надвор'е, ці то такі фармат імпрэзы быў для гараджан яшчэ ў навінку. Затое – як гэта часта бывае на мерапрыемствах, арганізаваных уладамі – было шмат праваахоўнікаў. І тое адразу кідалася ў вочы. На падыходзе да кардонавага камбінату грамадзян сустракала патрульная машына і некалькі міліцыянтаў. Вартавыя парадку сноўдалі туды-сюды і па ўсёй тэрыторыі камбінату, муляючы вочы сваёй прысутнасьцю на ўсіх пляцоўках і гульнявых зонах ды замінаючы людзям расслабіцца. Дык што магло скласьціся ўражаньне, што трапіў не на сьвята, а на тэрыторыю закрытага тыпу кшталту СІЗА або ІЧУ.
Паводле задумы арганізатараў, на тэрыторыі ў 1500 квадратных мэтраў цягам цэлага дня ад 12:00 да позьняй ночы мусілі зьбірацца гарадзкія актывісты, музыкі, разнастайныя творчыя асобы – мастакі, рамесьнікі.
Былі заплянаваныя тры лекцыі. Адна зь іх – «Мастацтва псаваць сьцены: формы стрыт-арту і яго асаблівасьці на постсавецкай прасторы» – не адбылася: мастацтвазнаўца Марына Карман не змагла прыехаць. У лекцыі «Як увязацца ў вандроўку на выжываньне. Натхняльная гутарка на прыкладзе мангольскага ралі» беларускі вандроўнік Барыс Мікалайчык распавёў пра захапляльнае падарожжа са сваім сябрам на старой расейскай «Ладзе» зь Лёндану ва Ўлан-Батар, падчас якога ім давялося пераадолець адлегласьць, большую за палову экватару, і прайсьці мноства прыгод і выпрабаваньняў – уцякаць ад агрэсіўных арабскіх мігрантаў у францускім Кале, быць абрабаванымі ў Польшчы (хтосьці ўначы зьняў дворнікі з «Лады», якія ў Эўропе зьяўляюцца рарытэтнай запчасткай). Культуроляг Максім Жбанкоў прачытаў лекцыю «Ня тое і ня так. Артыст як тэхнічная памылка».
Віцебская мастачка Натальля Лавіцкая-Ярмолава прадставіла арт-праект «Непразрыстыя», выкананы з кардону.
На працягу фэсту дзейнічалі міні-кірмаш hand-made, зона для актыўнасьці і пляцоўка для дыджэяў, якія забаўлялі публіку рознымі музычнымі кампазыцыямі.
У вячэрняй частцы праграмы адбыліся кінапаказ дакумэнтальнага фільму «Вакол Беларусі на роварах» і выступы гуртоў De puta madre banda (Віцебск), Нагуаль (Менск), Nіzkiz (Магілёў), Bez.Not (Магілёў).
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2833-novaya-garadzkaya-zabava-u-vitsebsku-prajshou-fest-kartonka#sigProId3a70f92fab
Уладзімер Бяляўскі