На калектыўны зварот адказаў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётар Падгурскі. Прыводзім вытрымкі з электроннага ліста з захаваньнем правапісу арыгінала.
Нядбайна і з памылкамі
“Плануемы помнік княгіне Вольгі адлюстроўвае легенду аб заснаванні г. Віцебска. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам стварэнне помніка ўзгоднена Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Падставы для адказу ад плану па яго стварэнню адсутнічаюць”, – гаворыцца ў лісьце з гарвыканкаму.
Толькі цытаваны абзац утрымлівае як мінімум тры граматычныя і лексычныя памылкі (курсіў наш). А спалучэньнем “падставы для адказу… адсутнічаюць” аўтары меліся, найхутчэй, сказаць пра адсутнасьць “падставаў для адмовы”.
Зялёную зону ня зьнішчаць, а зьменяць
Падгурскі паведамляе таксама, што, “у адпаведнасці з артыкулам 119 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, праектная дакументацыя па аб’екту ўзгоднена з Міністэрствам культуры рэспублікі Беларусь”.
“Пры правядзенні будаўнічых работ на аб’екце прадугледжана змяненне зялёнай зоны, а не яе знішчэнне”, – сьцьвярджаецца ў лісьце (правапіс захаваны).
Кампэтэнцыя гісторыкаў-прафэсіяналаў
На заканчэньне чыноўнік абяцае, што меркаваньні заяўнікаў будуць узятыя пад увагу, але дадае, што “навуковыя дыскусіі аб фактах дзейнасці княгіні Вольгі адносяцца да кампетэнцыі гісторыкаў-прафесіяналаў”.
Нагадаем, што намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётар Падгурскі – гісторык па адукацыі, да 2007 году выкладаў гісторыю ў ВДУ імя Машэрава.
У адказе таксама сьцьвярджаецца, што “з пытанняў зварота не вынікае патрэбнасць аб яго разглядзе з выездам на месца”.
Няма адказу на галоўны аргумэнт
У лісьце з гарвыканкаму ніяк не аспрэчваецца асноўны аргумэнт заяўнікаў. Пра тое, што ўсталяваньне ў Віцебску помніка Вользе пацягне за сабой вялізныя выдаткі.
“Мы ўпэўненыя, што нават тыя віцябляне, хто ня супраць, каб у Віцебску зьявіўся чарговы гістарычны помнік, падтрымаюць нас у тым, што цяпер ня час нават думаць пра такія дарагія праекты”, – такое меркаваньне выказвалі аўтары звароту.
Паводле іх інфармацыі, толькі падрыхтоўка пляцоўкі пад помнік абыдзецца ў 1 млн. 150 тыс. рублёў.
Зьміцер Міраш