Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 20 Аляксей Ягораў 22 траўня правёў асабісты прыём выбаршчыкаў. Аднак ні ў мясцовых СМІ, ні на ягоным асабістым сайце справаздачы аб гэтай сустрэчы не паведамляецца.

У Глыбокім 20 траўня для выхаванцаў старэйшых груп дзіцячага сада №4 зладзілі ваенна-спартыўную гульню "Зарніца". Глыбоцкія дашкаляты здзейснілі маршкідок праз балота, распальвалі вогнішча і спявалі ваенныя песні.

Жыхарам аграгарадка Дабрамыслі, што ў Лёзненскім раёне, адмовілі ў падачы гарачай вады ў неацяпляльную пару году (прыблізна з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны кастрычніка). Камунальныя службы заявілі, што жыхарам шматкватэрных дамоў варта паклапаціцца пра ўласны дабрабыт самім, кошт пытання з 950 рублёў. За гэтыя грошы месцічам прапанавана самастойна набыць і ўсталяваць бойлеры, бо цэнтралізаванага забяспячэння гарачай вадой на працягу амаль паўгода чакаць не даводзіцца.

Імкнучыся асвятляць усе ідэалагічныя мерапрыемствы ў рэгіёне, газета «Гарадоцкі веснік» паведаміла, што ў райцэнтры школьнікаў урачыста прымалі ў акцябраты. Але адбылося гэта ў так званы Дзень піянерскага сяброўства 19 траўня ( у СССР гэтая каляндарная дата лічылася «Днём піянерыі»). І як вынікае з фотарэпартажу, школьнікам у гэты дзень урачыста павязвалі чырвона-зялёныя гальштукі. Між тым «акцябрацкім» сімвалам лічыцца адмысловы значок, які  выдаецца вучням пачатковых класаў.

Паводле інфармацыі губернатара Пскоўскай вобласці РФ Міхаіла Ведэрнікава ў 2023 годзе стала больш спроб уцягвання беларускай моладзі ў арбіту расійскіх грамадска-палітычных працэсаў. За 4 месяцы колькасць праведзеных мерапрыемстваў толькі ў Пскове з удзелам маладых беларусаў і беларусак павялічылася ў 2 разы, у параўнанні з мінулым годам. Пра гэта губернатар расказаў пад час двухдзёнага IV Форума маладзёжных выбарчых камісій, у якім прынялі ўдзел беларускія студэнты, у іх ліку і студэнты віцебскіх ВНУ.