Галоўным спікерам стаў начальнік аддзела па Віцебскай вобласці Цэнтра аховы працы і прамысловай бяспекі РІВШ Сяргей Чарнабабін.
У сваім выступленні ён адзначыў, што гэтая дырэктыва накіраваная на ўмацаванне грамадскай бяспекі і дысцыпліны і з'яўляецца адным з важнейшых нарматыўных прававых актаў. Ключавое патрабаванне дакумента накіравана на прадухіленне гібелі людзей, атрымання траўм і калецтваў у працэсе вытворчасці.
“План, якасць і тэрміны – тры галоўныя складнікі, на якія вы заўсёды звяртаеце ўвагу на вытворчасці. Але ёсць яшчэ важны момант у вашай працы - каб супрацоўнікі працавалі ў бяспечных і камфортных умовах, а ў канцы змены пакінулі тэрыторыю прадпрыемства здаровымі”, - звярнуўся напачатку чыноўнік да працаўнікоў Лепельскага МКК.
Пасля Чарнабабін расказаў пра дысцыплінарную адказнасць работнікаў і акцэнтаваў увагу на тым, што з 2015 года дзейнічае новая рэдакцыя так званай дырэктывы, дзе шэраг абавязкаў работнікаў і наймальнікаў канкрэтызаваны і сфармуляваны па-новаму. Так, за з'яўленне на рабоце ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення, а таксама распіццё спіртных напіткаў, ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных рэчываў у працоўны час або па месцы работы прадугледжана прыцягненне работнікаў да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення.
Наймальнік павінен прымяніць адну з чатырох магчымых мер дысцыплінарнага спагнання: заўвагу, вымову, пазбаўленне поўнасцю або часткова дадатковых выплат стымулюючага характару на тэрмін да 12 месяцаў і звальненне.
Паводле лепельскай раёнкі, падчас семінара былі разгледжаныя пытанні для фармавання правапаслухмяных паводзін, здаровага ладу жыцця, навыкаў па забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі работнікаў.
Таксама на мерапрыемстве абмеркавалі такія тэмы, як роля галіновага прафсаюза ў вырашэнні праблем, звязаных з аховай працы, прафілактыка і зніжэнне ўзроўню вытворчага траўматызму, бяспека дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, парадак правядзення медыцынскіх аглядаў работнікаў, грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ды іншыя.
Па тварах работнікаў Лепельскага МКК было бачна, наколькі “цікавы” быў ім гэты семінар. Чарговая галачка для чыноўнікаў, што яны выехалі ў рэгіён і правялі мерапрыемства, якое быццам падвысіць узровень грамадскай бяспекі і дысцыпліны. А для простых работнікаў – чарговае прапагандысцкае мерапрыемства, на якое яны ідуць не па сваім жаданні, а таму што так хоча кіраўніцтва. Зноў вырашаюць за іх.
Лілія Тукава