17 лютага ў Віцебску мясцовыя сябры аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” правялі сумесную акцыю ў межах “Хвалі салідарнасьці”. У гэты дзень яны разам напісалі лісты беларускім палітвязьням, а таксама ўзялі капэрты з адрэсамі вязьняў з сабой, каб як мага больш людзей маглі напісаць ім. “Спадзяемся, што лісты дойдуць да ўсіх зьняволеных”, - адзначыла каардынатарка аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец.

16 лютага каля апоўдня ў Віцебску былі затрыманыя сябры БХД Стас Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук. Іх затрымалі ў цэнтры гораду ля Плошчы Свабоды пасьля таго, як яны вывесілі расьцяжку “Свабоду палітвязьням”. Пра гэта паведаміла віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД Тацьцяна Севярынец. Актывісты зьвязаліся зь ёй па мабільніку і паведамілі, што іх вязуць у міліцыю. Паводле яе словаў, хлопцаў адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску.

Малады чалавек на вачох у людзей падняўся на слуп і ўстанавіў там нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта адбылося ў самым цэнтры гораду, каля "Сіняга дому". Акцыя праведзеная ў гонар 150-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Бел-чырвона-белы беларускі сьцяг застаецца дэ-факта забароненым у краіне, пасьля таго як у 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка замяніў яго на чырвона-зялёны савецкі.

Віцебскія актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ўвечары 11 студзеня правялі чарговую акцыю. На чыгуначным мосце па вуліцы Герцана яны вывесілі банэр “Свабоду народу”.

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла праваабаронцам зладзіць пікет 10 сьнежня. Такое рашэньне было прынятае нягледзячы на тое, што імпрэза мусіла адбыцца ў месцы, адмыслова вызначаным уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў - у парку культуры і адпачынку Чыгуначнікаў. Прычына забароны пікету - заяўнікі акцыі не заключылі дамоваў на яе абслугоўваньне са службай ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй.