Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” па Віцебску Тацьцяна Севярынец перадала Віцебскаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў 60 кніг. Паводле яе словаў, раней актывісты БХД ужо перадавалі інтэрнату кнігі, перадусім клясычную літаратуру, і выхаванцы папрасілі больш звычайнага чытва, што і зрабіла зараз Тацьцяна Севярынец.

На 10 сьнежня ў Віцебску замоўлены пікет салідарнасьці з палітвязьнямі. Заяўку ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну горадe падаў старшыня гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Аляксандр Кузьняцоў. Мэта мерапрыемства, як напісана ў заяўцы, - гэта “пратэст супраць палітычных рэпрэсіяў у краіне, акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі і патрабаваньне іх неадкладнага вызваленьня і поўнай рэабілітацыі”.

Рашэньне аб будаўніцтве буйнога гандлёвага цэнтру на месцы парку на прывакзальнай плошчы ў Полацку выклікала незадаволенасьць і нязгоду сярод жыхароў прылеглых дамоў па вуліцы Кастрычніцкай. Жыхары пачалі зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва, а таксама сустрэліся і абмеркавалі гэтую праблему са старшынём аблвыканкаму Віцебскай вобласьці Аляксандрам Косінцам…

Віцебскія сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ хацелі публічна адсьвяткаваць юбілей партыі. Дзеля гэтага яны падалі заяўку ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну на пікет. Акцыя мусіла адбыцца 18 кастрычніка ў месцы, адмыслова адведзеным уладамі пад масавыя мерапрыемствы – у парку чыгуначнікаў, тым ня менш намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна акцыю забараніла.

Каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў падрыхтавалі заяўку такім чынам, каб у раённых уладаў было найменей падставаў адмовіць. Месца меркаванага пікета – зь ліку трох у горадзе, адмыслова вызначаных пад масавыя мерапрыемствы, - парк імя 30-годзьдзя ВЛКСМ. Час правядзеньня – з 14 да 16 гадзінаў 29 кастрычніка.