Чацвер, 03 Ліпень 2014

Ірына Яскевіч: Чаму Менск не падтрымаў пратэст рэгіёнаў?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Індывідуальныя прадпрымальнікі ў рэгіёнах на знак пратэсту ня выйшлі на працу. Сталі рынкі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Баранавічах, Пінску, Сьветлагорску - па ўсёй Беларусі. Віцебскія прадпрымальнікі лічаць, што Менск сваёй бяззубай пазыцыяй здрадзіў рэгіёнам.

1 ліпеня для індывідуальных прадпрымальнікаў стаў чорным днём: уступілі ў моц новыя правілы дзейнасьці прадпрымальнікаў. Ўведзеная абавязковая сэртыфікацыя тавараў, што ўвозяцца з краін Мытнага саюзу, і пачаў дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ № 222, які загадвае мець суправаджальныя дакумэнты на ўвесь тавар.

Прадпрымальнікі атрымалі магчымасьць распрадаваць рэшткі тавару, увезенага ў Беларусь з тэрыторыі Мытнага саюзу, да 1 сакавіка 2015 году без сэртыфікатаў. А як жыць далей, пасьля 1 сакавіка?

Як прадпрымальнікі зьбіраюцца дзейнічаць далей? Гэтае пытаньне служба інфармацыі “ЭўраБеларусі” адрасавала каардынатару аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам”, прадстаўніку гандлёвага цэнтру “Эвіком” Ірыне Яскевіч.

- Мы спынілі сваю працу яшчэ 5 чэрвеня. З таго часу мы атрымалі лісты ад дзяржаўных органаў - чакайце, і вам адкажуць. Учора прыйшоў ліст зь Дзяржстандарту, у якім гаворыцца, што з рэшткамі прадукцыі, увезенымі ў Беларусь да 1 ліпеня, мы можам працаваць без сэртыфікатаў, якія пацьвярджаюць іх якасьць. Мы не атрымалі адказаў на яшчэ два пастаўленыя пытаньні. Таму мы прынялі рашэньне пачакаць і не выходзіць на працу.

Віцебскія ініцыятары кампаніі - “Смаленскі рынак”, “Эвіком”, “Паўднёвы”, “Чкалаўскі”, часткова - “Кантынент”, “Вольга” - папросту ня выйшлі на працу. Нас падтрымалі каля 90% прадпрымальнікаў, якія выплачваюць адзіны падатак. Мы прынялі рашэньне стаяць да таго часу, пакуль не атрымаем адказу на пытаньні, якія цікавяць нас.

Нам незразумелая пазыцыя Менску, які не падтрымаў рэгіёны, які фактычна нам здрадзіў. Намесьнік старшыні “Пэрспэктывы” Піліпук сьцьвярджае, што ў менскіх прадпрымальнікаў за 20 гадоў назапасілася “падушка бясьпекі”. Ня ведаю, мабыць, яны і кіслародную падушку маюць, але нам сытуацыя незразумелая. Нават на прадпрымальніцкіх сайтах пра нас ніякай інфармацыі няма.

Я чаму так эмацыйна кажу, што Менск здрадзіў рэгіёнам? Да 30 чэрвеня індывідуальныя прадпрымальнікі павінны былі вызначыцца - або працаваць, або не працаваць, а нам прапанавалі толькі форум…

У нас сытуацыя здарылася на Полацкім рынку. Людзі былі настроеныя працаваць. Але калі чыноўнікі сказалі, як рэальна ідзе справа, Полацкі рынак зачыніўся цалкам.

- Напярэдадні Форум прадпрымальнікаў узяў курс на наўпроставыя перамовы з адміністрацыяй Лукашэнкі. Рынкі ў рэгіёнах не выходзяць на працу на знак пратэсту супраць сэртыфікацыі. У чым сутнасьць непаразуменьня? Ці ж гэта раскол унутры прадпрымальніцкіх структур?

- Расколу няма. Мы запыталіся ў Шумчанкі: чаму Форум адбыўся 30 чэрвеня? Чаму ты не ідзеш у поле, не працуеш зь людзьмі? Чаму Менск не падтрымаў пратэст рэгіёнаў?

Нам не патрэбныя перамоўцы з вуліцы. Калі ты жывеш у Менску, у цябе ёсьць актыў, то трэба жыць зь людзьмі, ведаць іх цяжкасьці. Вы ведаеце, камандзіраў вельмі многа; паказаць, што ты ня туды бяжыш, можа кожны. Мы свой зварот апублікавалі; летась зрабілі таксама, абышліся бяз страйку і дамагліся падаўжэньня тэрміну рэалізацыі тавараў на год, - нас і тады ніхто не падтрымаў.

На вялікіх рынках і ў гандлёвых цэнтрах Менску, сапраўды, мабыць, і ёсьць падушка бясьпекі. Але ж у сталіцы ёсьць і невялікія рынкі: “Ракаўскі кірмаш”, Сьвелта, “Манэтка”, “Ждановічы” - чаму вы, суквецьце лідэраў, не працуеце зь людзьмі, як мы?

Сёньня прадстаўнік “Пэрспэктывы” выказаў пажаданьне на нашым сходзе, каб рэгіёны зьбіралі подпісы. Прабачце, а навошта мы будзем табе, Шумчанка, зьбіраць подпісы? Ці ты можаш ад імя сваёй арганізацыі, досыць важкай, распачаць перамовы з адміністрацыяй Лукашэнкі. Або табе страшна?

- Анатоль Шумчанка заявіў, што “па шляху ахвярапрынашэньняў мы ня пойдзем”.

- А каму патрэбныя лідэры, якія нікуды ня пойдуць, нічога не робяць, а толькі даюць указаньні? І Баранавічы, і Слуцак, і Салігорск - усе мы не разумеем, чаму павінны падпісваць рашэньне “Пэрспэктывы”. Калі ў людзей хапіла сьмеласьці зачыніцца, няўжо ім няма чаго сказаць?

Мы зьбіраемся яшчэ заўтра-пасьлязаўтра. І будзем прасіць паскорыць адказ на нашы пытаньні: можна - значыць, можна, нельга - значыць, нельга. Зьявіцца афіцыйны дакумэнт - кожны вызначыцца, як яму жыць далей. Але нельга падстаўляць людзей, як гэта дзеецца цяпер: падатковая патрабуе адно, санэпідстанцыя - іншае, а мытня, калі ты прывёз тавару на суму больш за тысячу эўра, патрабуе дэклярацыю. На беднага іпэшніка навесілі гэтулькі забавязаньняў! Хаця ў Расеі аналягічныя нормы ня дзейнічаюць. Ад нас патрабуюць чэкавага пацьверджаньня пакупкі, а ў расейцаў з 2009 году няма касавых апаратаў.

На сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме са старшынямі віцебскіх рынкаў мы задалі пытаньне: мы прыходзім да вас на сустрэчы, кажам пра свае цяжкасьці - чаму нашы праблемы замоўчваюцца на мясцовым узроўню? Адказ: дасталі гэтыя прадпрымальнікі сваімі праблемамі і цяжкасьцямі, на месцах мы іх вырашыць ня можам.

Нас учора паказалі па БТ тры сэкунды: як мы добра сядзім за круглым сталом, і інтэрвію падатковага інспэктара, які заявіў, што прадпрымальнікам усё патлумачылі. Нам нічога не патлумачылі, таму што самі ведамствы ўсё роўна як у розных бункерах сядзяць: кожны піша ўласныя патрабаваньні і пажаданьні.

- Значыць, далейшыя вашы дзеяньні залежаць ад адказаў на пытаньні, якія вы паставілі перад дзяржавай?

- Сёньня мы размаўлялі з тымі прадпрымальнікамі, якія выйшлі на працу: простым тэкстам заявілі, што будзем выклікаць на іх падатковую інспэкцыю. Супольнасьць віцебскіх прадпрымальнікаў дамаглася, што яны могуць гандляваць на рынку рэшткамі тавараў. А нехта карыстаецца вынікам многіх людзей, каб нажыцца, пакуль мы дамагаемся наступных саступак ад улады? Таму мы лічым магчымым выклікаць падатковую інспэкцыю на тых, хто карыстаецца плёнам нашай працы ў сваіх карысьлівых мэтах і нас не падтрымлівае.

- Асноўная частка прадпрымальнікаў ня выйдзе на працу да таго часу, пакуль сытуацыя канчаткова ня высьветліцца?

- Сёньня мы прынялі такое рашэньне. Мы ня ведаем: мо’ заўтра мы атрымаем адказ, мо’ 10 ліпеня. У кожным разе, менавіта 10 чэрвеня беларускае кіраўніцтва і Саўмін атрымалі наш зварот. Людзі настолькі знэрваваныя, што гатовыя на любы адказ, гатовыя распарадзіцца сваім жыцьцём у будучыні. Мы ладзім сходы, спрачаемся, сварымся, але закрыцьцё гандлёвых месцаў кажа пра тое, што мы знаходзім разуменьне ў людзей. Мы за тое, каб людзей, што разумеюць, станавілася ўсё больш.

На жаль, усе хочуць ад нас рэвалюцыі. З такім жа шкадаваньнем хачу сказаць: не рэвалюцыянэры мы, а вядзем барацьбу за свае працоўныя месцы. Прафсаюзны налёт, напэўна, застаўся: асноўны касьцяк актыву складаюць заснавальнікі прафсаюзу “Разам”.

eurobelarus.info