У розных пунктах віцебскіх мікрараёнаў Білева актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” 4 жніўня правялі акцыю па зборы сродкаў для ўладаў. “На ўсе нашы звароты, на шматысячныя подпісы гараджанаў аб будаўніцтве сьмецьцеперапрацоўчага заводу, паліклінічнага комплексу і іншых важных для Білева аб’ектаў улады стабільна адказваюць, што ў іх няма грошай”, - патлумачыла сэнс акцыі каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец.

Імпрэза адбылася 25 ліпеня ў віцебскім “Эўрапейскім клюбе”. Перад прысутнымі выступіў мастак, сябра Беларускага саюзу мастакоў, ураджэнец Воршы, намесьнік старшыні аргкамітэту Мікола Купава, які распавёў пра гістарычную бітву і яе адлюстраваньне на знакамітай карціне невядомага мастака “Бітва пад Воршай”, якая захоўваецца ў Варшаўскім мастацкім музэі. Копію карціны можна ўбачыць у аршанскім касьцёле сьвятога Язэпа. 

Лекцыя «Права на Мову» адбылася 22 ліпеня ў Наваполацку, у офісе мясцовай філіі Правабарончага цэнтру «Вясна». Яе правёў вядомы лінгвіст і грамадзкі дзяяч Вінцук Вячорка. Падчас лекцыі разглядаліся праблемы дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце падчас зваротаў у органы дзяржаўнай улады, мэтодыкі адстойваньня правоў на адукацыю на беларускай мове і інш. На найбліжэйшы час заплянаваны круглы стол, падчас якога будуць абмеркаваныя дакладныя захады ў Наваполацку па абароне правоў на карыстаньне беларускай мовай.

Удзельнікі кампаніі “Народны кантроль” у Віцебску перадалі ў абласны і гарадзкі выканкамы, Віцебскі Савет дэпутатаў копіі подпісаў жыхароў мікрараёнаў Білева за будаўніцтва паліклінічнага комплексу. Арыгіналы подпісаў былі перасланыя ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Прадстаўнікам уладаў было перададзена 4108 подпісаў на 271 аркушы.

Страйк ІП ва ўсёй Беларусі прыпынены, але можа аднавіцца ў кожны момант. Пра гэта паведаміла каардынатарка аргкамітэту ў стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч. Яна адзначыла, што пастанова прадпрымальнікаў Віцебску і Гародні аб прыпыненьні страйку зусім ня значыць канец іх барацьбы за свае правы, а толькі яе пераход у іншую форму.