Панядзелак, 07 Ліпень 2014

Аршанскія актывісты падалі заяўкі на пікеты

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адразу 3 заяўкі на правядзеньне пікетаў падалі сябры Аршанскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Мэта мерапрыемстваў - актуалізацыя ў грамадзтве каштоўнасьці незалежнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы, выказваньне салідарнасьці з украінскім народам у яго імкненьні захаваць цэласнасьць і незалежнасьць Украіны.

Пікеты мяркуецца правесьці 27 ліпеня ў Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь каля Кургану Бесьсьмяротнасьці, ля ўваходу ў кавярню «Аронія», у парку культуры і адпачынку Тэкстыльшчыкаў. Заяўкі на мерапрыемствы пададзеныя ў адпаведнасьці з артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, артыкуламі 4-6 Закона РБ «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

«Мы хочам нагадаць беларускім грамадзянам у значны для нашай краіны дзень аб актуальнасьці пытаньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, - распавялі заяўнікі акцыі. - Мы бачым, якія праблемы ёсьць у галіне захаваньня цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы ў нашых суседзяў, і мы б не хацелі дапусьціць такую сытуацыю і ў нашай краіне. Мы павінны зрабіць усё для захаваньня яе адзінства і кансалідацыі грамадзянскай супольнасьці і нацыі ў цэлым».

orsha.eu