У Віцебску адбылася інфармацыйная сустрэча праваабарончага праекту “ГейБеларусь”. З прычыны бясьпекі сустрэча ладзілася ў закрытым рэжыме. Але здымачнай групе парталу Dyjalog.info дазволілі ладзіць відэаздымкі - з умовай, што ў поле зроку відэакамэры ня трапяць тыя, хто хоча захаваць сваю ананімнасьць.

Актывісты кампаніі “Наш дом” распачалі збор подпісаў жыхароў Віцебску пад патрабаваньнем да ўладаў ўсталяваць сьвятлафор на пераходзе па вуліцы Чарняхоўскага, насупраць абутковай крамы “Марка”, паведамляецца на сайце кампаніі.

Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Віцебску адмовіла актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) у правядзеньні пікетаваньня ў Сусьветны дзень барацьбы за годную працу, які адзначаецца 7 кастрычніка. Заяўнікі акцыі хацелі правесьці 7 кастрычніка двухгадзіннае пікетаваньне на плошчы Перамогі ў Віцебску. Адмова прыйшла за подпісам намесьніка кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Віктара Галанава.

 

25 верасьня на дошках абвестак ля пад’ездаў дамоў, на прыпынках грамадзкага транспарту, у публічных месцах Віцебску зьявіліся налепкі з заклікам: “Свабоду Алесю Бяляцкаму!”. Гэтак мясцовыя актывісты прыцягнулі ўвагу жыхароў гораду над Дзьвіной да праблемы палітвязьняў, а таксама павіншавалі выбітнага беларускага праваабаронцу зь юбілеем - у гэты дзень яму споўнілася 50 гадоў.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 19 верасьня прызнаў вінаватым Яўгена Гуцалава ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП) і пакараў яго 7 суткамі адміністратыўнага арышту. Як паведаміў віцебскі актывіст Пётар Іваноў, які прысутнічаў на паседжаньні, у судзе Яўген Гуцалаў прызнаў, што насамрэч браў удзел у несанкцыянаваным пікеце, але такім чынам хацеў выявіць свае погляды.