24 ліпеня на жыхарку Гарадку міліцыянты склалі пратакол за тое, што яна разьмясьціла ў Instagram-stories фотаздымак, на якім трымае аркуш з надпісам «У мяне скралі прэзыдэнта». Жанчыну вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага пікетаваньня (ч.1 арт. 23.34 КаАП).

8 чэрвеня ў карыстальнікаў Тэлеграм-чату «Браслаў для жыцьця» прайшлі вобшукі. Увечары стала вядома, што ў выніку ператрусаў былі канфіскаваныя мабільныя тэлефоны і кампутары ў чатырох удзельнікаў чату. Паводле былога адміністратара рэсурсу Канстанціна Далецкага, канфіскацыі адбываліся ў межах адміністрацыйнай справы аб паклёпе на ўчастковага міліцыянта (арт. 9.2 КаАП).

Каардынатар ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Віцебску Ўладзімер Кійко 7 чэрвеня быў пакараны за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Але за кратамі ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) правёў толькі суткі і быў вызвалены без тлумачэньняў прычын.

11 чэрвеня актывіст «Народнай Грамады» Аляксандр Якушкоў быў раптам вызвалены зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе адбываў 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле рашэньня судзьдзі Царыкава. На волю ён павінен быў выйсьці аж 18 чэрвеня.

У Віцебску працягваюцца затрыманьні ўдзельнікаў пікетаваньня для збору подпісаў 31 траўня, на якім прысутнічаў палітык Павал Севярынец. Пасьля складаньня пратаколаў Алену Янушкоўскую, Алега Паўлава, Яраслава Кійко і Аляксандра Якушкова зьмясьцілі да судоў у віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Праз колькі гадзін Кійко адпусьцілі – у яго была падвышаная тэмпэратура.