Паводле міліцэйскага пратаколу, грамадзянка В. 14 ліпеня зладзіла на тэрыторыі лыжаролернай трасы на Вераб’ёвых гарах пад Гарадком несанкцыянаванае пікетаваньне – з выкарыстаньнем плякату з надпісам «У мяне скралі прэзыдэнта» і з разьмяшчэньнем інфармацыі аб мерапрыемстве ў інтэрнэце.
Паводле самой жанчыны, яна сапраўды зрабіла фота з плякатам, які выпадкова знайшла падчас прагулянкі на роварах зь сям'ёй і сябрамі на Вераб’ёвых гарах. Разьмясьціла фота ў гісторыях на Інстаграме. Але сьцьвярджае, што гэта ніякім чынам не магло быць ані масавым мерапрыемствам, ані «несанкцыянаваным пікетаваньнем».
«Гэта была гісторыя ня столькі палітычная, колькі гумарыстычная», – кажа жанчына.
Яна не згадзілася са складзеным на яе пратаколам. З матэрыяламі адміністрацыйнай справы пакуль не азнаёмілася.
Папярэдне разгляд справы адбудзецца ў судзе Гарадоцкага раёну 30 ліпеня.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!