Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прысудзіў Аляксандру Якушкову 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую 31 траўня. Судзьдзя Уладзімер Царыкаў палічыў, што віцяблянін удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу. Якушкоў быў асуджаны на 10 сутак і меўся быць на волі толькі 18 чэрвеня. Але яго вызвалілі раней.
Скрыншот з паведамленьня ў Facebook
Па словах актывіста, вызваленьне стала для яго поўнай нечаканасьцю. Міліцыянт з Кастрычніцкага РАУС пасадзіў яго ў машыну, давёз да вуліцы Смаленскай і адпусьціў: «Аляксандар Уладзімеравіч, вы свабодныя». Пры гэтым аніякіх тлумачэньняў супрацоўнік праваахоўных органаў ня даў, ніякіх афіцыйных папераў падпісаць не прапанаваў.
Навошта гэта было зроблена і кім прымалася рашэньне – Аляксандру невядома.
Расказвае, што спачатку, калі яго выклікалі, ён падумаў, што проста зьбіраюцца перавесьці ў іншую камэру, бо падчас арышту, ён напісаў скаргу на антысанітарныя ўмовы ўтрыманьня.
Скарга Якушкова, якую ён напісаў у ІЧУ
Але, як аказалася, яго проста выпусьцілі.
Уладзімер Бяляўскі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!