“Як чорна-белае савецкае кіно пра гестапа…”
Як распавядае грамадзкі дзеяч і прадпрымальнік Максім Жукаў, у канцы асноўнага дня галасаваньня ён прыйшоў да 40-й школы, каб даведацца пра вынікі галасаваньня. Людзі мірна стаялі, нічога не парушалі, чакалі вынікаў. На пачатку 10-й гадзіны пачаўся хапун. Адвезьлі ў ІЧУ, кінулі ў камэру, спаць давялося на голых нарах. Час не паведамлялі, навінаў ня ведалі, запалкі для курцоў давалі два-тры разы на дзень.
“На трэці дзень у ІЧУ прывезьлі некалькі судзьдзяў. Усе пратаколы напісаныя пад капірку. Сьведкаў не давалі. Тыя, хто пагаджаўся, атрымлівалі пяць содняў. Хто не пагаджаўся – дзесяць. Мне судзьдзя Алена Жук дала пятнаццаць содняў адміністрацыйнага арышту.
Позна ўвечары, каб ніхто ня бачыў, прывезьлі ў СІЗА адбываць пакараньне. Там і пачалося: на калені, тварам да сьцяны, далоні вонкі, ногі – максымальна шырока, ледзьве не падаеш. Б’юць па сьцёгнах, па сьпіне так, каб не было сьлядоў, але гэтак жорстка, як у Менску не было. Лексіка нецэнзурная. Адзін у адзін, як чорна-белае савецкае кіно пра гестапа ці канцлягер.
Спачатку на гадзіну кінулі ў бэтонны бокс. Кожные пяць хвілінаў хадзілі, крычалі: “Ня так сядзіш, ня так стаіш”. Затым на догляд, распранулі, далі бялізну, кінулі ў камэру, ляжаць нельга, толькі сядзець ці стаяць, зарадку рабіць нельга. “Жасткач” поўны. Кожныя пятнаццаць хвілінаў наглядчык зазірае ў вочка. Без перарыву па радыё чытаюць урыўкі з “Бібліі”…
Аднаго дня адчулі, што пачалі адбывацца нейкія падзеі. Нешта зьмянілася, падлучылі выступ міністра Караева, які нібыта прабачаецца. Ахоўнік замест мацюкоў: падыдзіце да акенца, калі ласка. Абед прынесьлі: “Смачна есьці”… Прыйшоў начальнік, сказаў, што праз гадзіну выпусьцяць, і мы шэсьць гадзінаў чакалі. У пятніцу позна ўвечары нас адпусьцілі”, – распавядае Жукаў.
“Прымалі” ў традыцыях ГУЛагу”
Без некалькі хвілінаў на восьмую прадпрымальнік Дзьмітрый Рабунскі і ягоны сын Станіслаў сустрэліся ля крамы «Грын». Вырашылі наведаць выбарчы ўчастак, дзе прагаласавалі двума хвілінамі раней, і дачакацца пратаколу. Сядзелі за 30 мэтраў ад уваходу на ўчастак. У 20.01 з боку вуліцы Чкалава супрацоўнікі Першамайскага РАУС у баявой экіпіроўцы акружылі прысутных і пачалі «пакаваць».
« Я пытаюся: «За што?» Мне ў адказ: «Пройдзем!» Арыштаваных было зашмат, таму выклікалі аўтазак. І пацягнуўся ланцуг сваволі. Ступень жорсткасьці ўзрастала па меры руху. У ІЧУ вылучаўся адзін гаваркі лейтэнант, які крычаў: « Підэрасы, зьяжджайце ў Эўропу! Там будзеце мітынгаваць!»
Супрацоўнікі ІЧУ размаўлялі толькі мацюкамі. Я зрабіў дзьве заўвагі, за што, я думаю, і атрымаў дзесяць содняў. Ноч адседзелі на двух'ярусных нарах без матрацаў. На другі дзень адвезьлі ў СІЗА. Там было яшчэ больш жорстка. Ноч пераначавалі там, затым вярнулі на ІЧУ. 12 жніўня адбыўся суд. Паказаньні – фальсыфікаваныя, аднатыпныя. У нас з сынам усё – адзін у адзін да апошняй коскі. Судзіла нас судзьдзя Вераніка Барысава, сьведка міліцыянт роты ППС – Пятроўскі А. І.
Пасьля суду перавезьлі ў СІЗа. Нас ставілі на калені галавой у падлогу. Пры прыёмцы мяне канкрэтна пакаталі па падлозе, траўмавалі калена. Прымалі ў традыцыях ГУЛагу – рота з аўчаркамі, якія брэшуць. Самае страшнае – прэсінг: рукі за сьпіну, бягом, паджопнікі, па сьпіне дручком.
Сярод тых, каго затрымалі: будаўнікі, таксоўшчыкі, праграмісты, інжынэры, адзін інкасатар – усе працаздольныя, разумныя, плоцяць падаткі», – распавядае Дзьмітрый Рабунскі,
Больш за ўсё ўразіла беззаконьне
Ільля Лабусаў пасьля ўнівэрсытэту працуе індывідуальным прадпрымальнікам. 9-га ўвечары вяртаўся дадому на Воінаў Інтэрнацыяналістаў. Амон не прапускаў. Сказалі ісьці праз двары. Зайшоў у краму «Соседушка» купіць вады.
«Выйшаў, стаю на парозе, п'ю ваду, падбягае група амапаўцаў ці міліцыянтаў.
– Што ты робіш?
– П'ю ваду.
– Пакуем. Будзеш рыпацца – будзем біць.
Больш за ўсё ўразіла беззаконьне. Уся сістэма ад звычайнага амапаўца да судзьдзі працуе па шаблёне. На судзе сказалі, што я выгукваў лёзунгі, пляскаў у далоні. Я лічу гэта беззаконьнем, бо ніякія законы не працуюць.
Кожную гадзіну чакаў, што адпусьцяць, бо я ж невінаваты, але замест вызваленьня – дзесяць содняў адміністрацыйнага арышту», – абураецца Ільля.
Пры затрыманьні твары міліцыянтаў іскрылі злом
Аляксандра затрымалі ля школы №45. Сустрэў знаёмую, размаўлялі, паглядзелі, а ўвесь двор ачэплены. Затрымалі без тлумачэньняў, проста сказалі: «Пройдзем».
«У 20.03 я ўжо стаяў, каля аўтазаку.
У камэры цэлы дзень грае радыё «Сталіца», але ніякай інфармацыі пра падзеі на волі няма. Ня ведаеш нават колькі часу. У першы дзень у СІЗА перадавалі глупыя жарты і песеньні, потым нас перасялілі ў ІЧУ. А шостай раніцы зайграла «Радыё 1». Там былі хаця б нейкія навіны. Можна было неяк арыентавацца.
Калі пасьля суду ізноў адвезьлі ў СІЗА, то з раніцы замест гімну пачулі «Біблію», – кажа Аляксандар.
«Больш за ўсё ўразілі міліцыянты. Твары, якіх пры затрыманьні іскрыліся запалам. Нарэшце ім далі сапраўдную працу. Яны былі радасныя, жартавалі».
Паводле нашай інфармацыі, Віцебскі абласны суд пачне разглядаць скаргі віцяблян 20 жніўня. Першыя паседжаньні адбудуцца ад 12.00.
С.Горкі