Паводле зьвестак праваабаронцы Паўла Левінава, відэаблогер Дзьмітрый Казлоў, вядомы як «Шэры Кот», ужо тройчы асуджаны за кратамі паводле ч.3 арт.23.34 КаАП. Але 13 студзеня яго асудзілі на 15 сутак чацьвёрты раз. Такім чынам, за кратамі «Шэры Кот» мусіць адбыць 60 сутак, піша Беларускае Радыё Рацыя.

У Віцебску пачаліся суды над удзельнікамі сьнежаньскага пікету на плошчы Перамогі ў Віцебску. Справы пікетоўцаў, якія выказаліся ў падтрымку незалежнасьці краіны, разглядаюцца ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. 15 студзеня штрафам пакаралі віцябляніна Алега Паўлава, справу яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі – Аляксея Прохарава, накіравалі на дапрацоўку.

Блогера Дзьмітрыя Казлова (Шэры Кот) 13 студзеня зноў асудзілі на 15 сутак. На суд у Воршы яго прывозілі зь мясцовага ізалятара часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе ён адбывае папярэднія пакараньні, паведамляе Беларускае Радыё РАЦЫЯ.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў віцябляніна Аляксандра Дуброўскіх на 30 базавых велічынь за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якая праходзіла ў Менску 20 сьнежня 2019 году. У якасьці адзінага доказу вінаватасьці віцябляніна міліцыянты прад’явілі ролік са стрыму «Радыё Свабода».

На віцяблянку Натальлю Сьпірыдонаву склалі адміністрацыйны пратакол за публікацыю ў Фэйсбуку анонса акцыі ў падтрымку незалежнасьці, якая адбылася ў Віцебску 29 сьнежня. Міліцыянты палічылі гэта заклікам да правядзеньня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч.1 арт. 23.34 КаАП).