Жыхар Віцебску Яўген Сцяпанаў звярнуўся са скаргай у абласную пракуратуру, бо лічыць, што супрацоўнікі Першамайскага РАУС парушылі ягоныя правы. У прыватнасці, міліцыянты не назвалі сваіх пасадаў, імёнаў і прозвішчаў, не патлумачылі яму ягоныя правы і не далі азнаёміцца з дазволам на ператрус. У межах якой справы ён праводзіўся – мужчына дагэтуль не ведае.

Віцебскі актывіст Уладзімір Булаўскі, якога пакаралі арыштам за «антываенны пікет», правёў 15 сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пакуль ён быў пад арыштам, у ягоным доме правялі ператрус, забралі мабільны тэлефон. Цяпер ён аднаўляе акаўнты ў сацыяльных сетках і распавядае пра свой «арыштанцкі досвед».

Віцебскі актывіст Мікола Качурэц выехаў з Беларусі пры дапамозе фонду BYSOL. Некалькі апошніх гадоў актывіста пераследавалі віцебскія ўлады за ягоную палітычную і прабеларускую пазіцыю.

Жыхар Полацку Анатоль Каханчык, якога 21 снежня асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту, трымаў у віцебскім ІЧУ сухую галадоўку. На 5 дзень, калі стан ягонага здароўя моцна пагоршыўся, адміністрацыя ізалятару вымушаная была выклікаць хуткую і адправіць Каханчыка ў шпіталь. Як паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Анатоль Каханчык, з яго нібыта «афіцыйна знялі арышт». Піша, што «зараз свабодны» і паціху аднаўляе здароўе.

Супрацоўнікі аддзелу прымусовага выканання Першамайскага раёну Віцебску 3 снежня арыштавалі і адабралі маёмасць і грошы бацькоў віцебскага актывіста Андрэя Кулакова – уладальніка легендарнага «Жывемабіля». Канфіскацыю правялі ў межах выканаўчага дакументу з патрабаваннем спагнаць з Кулакова 1160 рублёў штрафу, прысуджаных яму за «начны пікет» у верасні 2020 году. Андрэй Кулакоў, які знаходзіцца зараз за межамі краіны, назваў арышт маёмасці ягоных бацькоў рабаваннем.