Намеснік першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) работнікаў ААТ «Нафтан» Аляксандр Балонкін быў звольнены з прадпрыемства 4 лістапада. Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Незалежны Прафсаюз Наваполацк», на заводзе ён адпрацаваў больш за 19 гадоў, да заканчэння кантракту заставалася менш за тры месяцы. Загад аб звальненні падпісаў генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Сойка. У Балонкіна – трое няпоўнагадовых дзяцей.

Праваабаронца Павел Левінаў падчас правядзення маніторынгу захавання правоў чалавека ўстанавіў, што ў Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай больніцы груба парушаюцца працоўныя правы тэхнічнага персаналу ўстановы. Паспрабаваў дамагчыся справядлівасці, але натыкнуўся на бюракратызм і фармалізм з боку гарадской пракуратуры і абласнога ўпраўлення інспекцыі працы.

10 лістапада Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу полацкай актывісткі і мастачкі Нэлі Алфёравай на пастанову суду Полацкага раёну і гораду Полацку, які прыцягнуў яе да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч.1 арт. 19.10 КаАП («Распаўсюд нацысцкай сімволікі») і ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») ды аштрафаваў на 1160 рублёў. Суддзя Ірына Смалякова, якая разглядала скаргу, пакінула пастанову без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

Віцебская транспартная пракуратура накіравала ў суд Полацкага раёну крымінальную справу ў дачыненні 38-гадовага жыхара Наваполацку Руслана Слуцкага. Яму ставяць у віну прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў (ч.1 арт. 309 КК РБ) і акт тэрарызму (ч.1 ст. 289 КК РБ). Па выстаўленых абвінавачаннях суд можа прызначыць Слуцкаму максімальнае пакаранне - 15 гадоў пазбаўлення волі.

Актывістка Станіслава Цярэнцьева, якая апошнія некалькі месяцаў жыве ў Грузіі, не змагла трапіць у Расейскую Федэрацыю. Улады гэтай краіны не прапусцілі віцяблянку праз дзяржаўную мяжу, заявіўшы, што Станіслава ўяўляе пагрозу для бяспекі дзяржавы. Аб гэтым інцыдэнце дзяўчына паведаміла ў сваім акаўнце на facebook.

8 лістапада пайшла з жыцця 38-гадовая актывістка руху «Краіна для жыцця» Юлія Барсукова. 25 кастрычніка яна патрапіла ў лякарню з каронавіруснай інфекцый, апошнія дні знаходзілася на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Без маці засталіся двое яе няпоўнагадовых дзяцей.

Уладзімір Мартаў - чалавек, які адным з першых заявіў аб праблемах з кіслародам не хаваючы ні твару, ні імя, ні маштабу праблемы.  Ён лічыць, што асноўныя праблемы ў медыцыне не развязваюцца. У сваім блогу на  livejournal.com ён піша пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі.

Гісторыя з пасёлка Віцьба, дзе зняволеныя мясцовай папраўчай калоніі №3 сутыкнуліся з нетрывіяльнымі праблемамі з-за вялікай палітыкі. І падобная сітуацыя зараз назіраецца бадай у кожнай установе беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, піша «Магілёўская вясна».

У дзень так званай Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада на плошчы Леніна ў Віцебску з інтэрвалам у адну гадзіну прайшлі дзве масавыя акцыі. Спачатку каля помніку Леніну сабраліся прыхільнікі праўладнай камуністычнай партыі Беларусі на чале з Аляксандрам Дзядзінкіным. Яны абмежаваліся толькі ўскладаннем кветак. Ніякіх выступаў не было. А праз нейкі час да правадыра сусветнага пралетарыяту падцягнуліся сябры партыі «Справядлівы Свет».

Напрыканцы чэрвеня 2021 году ў аддзел унутраных справаў Кастрычніцкага раёну Віцебску паступіла заява ад дырэктара аднаго з дзяржпрадпрыемстваў аб тым, што невядомы залатой фарбай нанёс надпісы ў грамадскім месцы. Міліцыянты вывучылі запісы з камер відэаназірання і ўстанавілі, што гэта зрабіла 21-гадовая жыхарка Віцебску. У дачыненні яе завялі крымінальную справу. Ці мелі надпісы пратэставы характар, не паведамляецца.