Паўлу Левінаву стала вядома, што ў дачыненні машыністаў паветрараздзяляльных установак не выконваецца права на адпачынак. На думку праваабаронцы, кіраўніцтва лякарні не сочыць за выкананнем графіку выхаду на працу машыністаў, а дадзены ім час адпачынку паміж зменамі не адпавядае дзейнаму заканадаўству. Пра гэта праваабаронца паведаміў пракурору Віцебску Андрэю Шклярэўскаму.
«Праз хранічную стомленасць персаналу ва ўмовах інтэнсіўнай працы па забеспячэнні цяжкіх хворых кіслародам верагоднасць памылак пры эксплуатацыі паветрараздзяляльных установак узрастае да небяспечных межаў. А гэта - просты шлях да аварыйных сітуацый», - папярэдзіў улады Левінаў.
Гарадская пракуратура не стала разбірацца па сутнасці звароту і пераправіла паведамленне аб патэнцыйна небяспечнай сітуацыі ў медычнай установе ў Віцебскае абласное ўпраўленне Дэпартаменту дзяржінспекцыі працы. Інспекцыя, адрэагавала на трывожны сігнал фармальна. Адтуль паведамілі праваабаронцу, што калі ён не працуе ў шпіталі, то яго кіраўніцтва не можа парушаць ягоныя правы. А калі Левінаў, маўляў, хоча прадстаўляць у дзяржаўных органах інтарэсы іншых асобаў, то гэтыя асобы мусяць аформіць натарыяльную даверанасць на абарону іх правоў.
«Такім чынам, для прадстаўлення і абароны законных інтарэсаў іншых грамадзян, у тым ліку работнікаў УАЗ »Віцебская абласная клінічная інфекцыйная больніца«, і ў мэтах недапушчэння парушэння іх правоў, свабод ці законных інтарэсаў пры звароце ў дзяржаўны орган, іншую арганізацыю Вам неабходна паказаць электронную копію даверанасці, аформленай у парадку, устаноўленым грамадзянскім заканадаўствам», - падсумаваў начальнік упраўлення Якаў Жулеў.
Праваабаронца не стаў абскарджваць адказы з інспекцыі ў Віцебскай абласной пракуратуры і Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва.
«Калі пад покрывам бюракратычнай валтузні ўсё ж рэальна палепшацца ўмовы працы машыністаў паветрараздзяляльных установак, то я буду лічыць сваю праваабарончую місію выкананай», - патлумачыў сваю пазіцыю Павел Левінаў.
Віталь Кажух