Жыхары Віцебску Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, якія ўжо больш за год жывуць у пасольстве Швецыі ў Менску, падалі скаргу ў Камітэт супраць катаванняў. Пра гэта распавёў абаронца Кузнечыкаў юрыст Вадзім Драздоў. Камітэт супраць катаванняў абавязаў амбасаду Швецыі зрабіць неабходныя захады для забеспячэння асабістай недатыкальнасці заяўнікаў, пакуль іх скарга не будзе разгледжаная камітэтам.

21 снежня гаспадара БЧБ-хаты ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну Анатоля Каханчыка прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 КаАП) і асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд Полацку і Полацкага раёну вырашыў, што Каханчык зладзіў «несанкцыянаванае пікетаванне», пафарбаваўшы свой дом у Алёшчы ў бел-чырвона-белыя колеры. Перафарбоўваць яго мужчына катэгарычна адмовіўся.

20 снежня 2021 году пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец вынес пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-сайту «Віцебскі Кур'ер news». На думку пракурора, у шэрагу матэрыялаў, размешчаных на сайце, меліся прамыя парушэнні законаў Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» і «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Гэта апошні недзяржаўны электронны рэсурс у Віцебскім рэгіёне, які быў бесперашкодна даступны беларускім чытачам.

21 снежня праваабарончая супольнасць заявіла аб прызнанні шасці палітвязняў. Сярод іх – 24-гадовая жыхарка Віцебску Таццяна Карповіч. Улады інкрымінуюць ёй распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК). Дзяўчына знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 на Валадарцы. Палітвязнямі таксама прызнаныя Рыгор Кастусёў, Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Руслан Кузьміч, Андрэй Аўсіевіч.

8 снежня 2021 году з ініцыятывы ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Віцебскі абласны суд ліквідаваў дзве некамерцыйныя арганізацыі: «Наваполацк. Чарнобыль-цэнтр» і «Моладзевы культурна-адукацыйны цэнтр «Ростань». Толькі ў другім паўгоддзі 2021 году з ініцыятывы выканаўчых уладаў вобласці былі закрытыя 28 грамадскіх арганізацыяў і некамерцыйных устаноў.

Пра затрыманне гаспадара бел-чырвона-белай хаты Анатоля Каханчыка паведамілі 20 снежня праваабаронцы «Вясны». Паведамляецца, што яго затрымалі, калі ён сам пайшоў у аддзяленне міліцыі па позве. Раней Каханчыку пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе БЧБ-хату ў нейтральныя колеры.

Палітычна матываваныя звальненні ў Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і масавых акцый пратэсту сталі адным са складнікаў татальнага пераследу грамадзян за іх актыўную пазіцыю і падрыхтоўкай да рэферэндума па зменах у Канстытуцыю краіны. Пішуць праваабаронцы на сайце ПЦ "Вясна".

Выйшла з друку «Шэрая кніга», у якой падаецца хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне са студзеня па снежань 2020 году. Аб’ём кнігі складае 157 старонак, на якіх распавядаецца пра 185 выпадкаў парушэння ўладамі правоў жыхароў вобласці. Аўтары выдання падрыхтавалі таксама электронную версію кнігі, якую размясцілі ў інтэрнэце (спампаваць можна тут), так што азнаёміцца з яе зместам і пры жаданні надрукаваць можа кожны ахвотны.

17 снежня з папраўчай установы адкрытага тыпу (ПУАТ) №9 выйшаў на свабоду гарадзенскі музыка і актывіст Ігар Банцэр. Апошнія дні перад вызваленнем ён правёў у штрафным ізалятары ў Гарадку. Знаходзячыся ў зняволенні, Банцэр некалькі разоў абвяшчаў галадоўкі. «На жаль, не магу сфармуляваць гэта такім чынам, што я зараз на волі», – сказаў па вызваленні Ігар Банцэр.

Супрацоўнікаў міліцыі цікавіла, ці наведвае актывістка тэатральныя пастаноўкі віцебскага тэатру імя Якуба Коласа, ці яна глядзела спектакль «Ціль», што быў зняты з рэпертуару адразу пасля прэм’еры 21-га лістапада. А таксама ці не брала яна ўдзел у «партызанскай» акцыі салідарнасці са звольненым дырэктарам і акторамі, якія страцілі працу пасля ўдзелу ў пастаноўцы, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.