У 2021 годзе «чыстка» працоўных кадраў набыла небывалы дагэтуль маштаб. Прычын непрацягнення працоўнага кантракту наймальнікам некалькі:
- факт наяўнасці пераследу па палітычна матываваным адміністрацыйным артыкуле 24.23 КаАП;
- асуджэнне па крымінальным артыкуле, звязаным з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, экстрэмізмам і тэрарызмам у сённяшнім разуменні гэтых дзеянняў дзяржавай, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асоб і членаў іх сем'яў, паклёпам і абразамі прадстаўнікоў улады;
- наяўнасць подпісу і асабістых дадзеных грамадзяніна ў спісах за падтрымку некаторых альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты пад час прэзідэнцкай кампаніі 2020 года;
- удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі;
- актыўнасць у сацыяльных сетках, чатах, наяўнасць непажаданых каментароў, фотаздымкаў з акцый пратэсту.
І гэта далёка не поўны пералік прычын для звальнення беларусаў.
Па шматлікіх публікацыях у СМІ можна зрабіць выснову, што інфармацыю пра «ненадзейных» грамадзян рыхтуюць «ідэалагічныя службы дзяржпрадпрыемстваў», альбо «прыйшлі спісы з КДБ», «вусны загад кіраўніцтва», «патэлефанавалі зверху»…
Збіраюць характарыстыкі на падазроных у нелаяльнасці да дзейснага рэжыму.
Варыянтаў для манёўру ў працаўніка практычна няма: альбо скасаванне кантракту «па згодзе бакоў« ці яго непрацягненне, альбо звальненне па аднаму з артыкулаў Працоўнага кодэксу, звычайна за «неналежнае выкананне працоўных абавязкаў». Урэшце рэшт, справу ўпартага супрацоўніка, які не хоча добраахвотна звальняцца, могуць перадаць у адпаведныя органы, ці прадставіць на чалавека «воўчую» характарыстыку.
«Мы не можам дапусціць на прадпрыемствы людзей, якія не паважаюць нашага прэзідэнта і існую сімволіку»
У артыкуле 41 Канстытуцыі Беларусі права на працу падаецца як «найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай».
«…Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па незалежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбаў…
…Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на абʼяднанне ў прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дамоў ці пагадненняў i права на забастоўку».
Грош цана такому Асноўнаму закону краіны, калі галоўны ідэолаг Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава адкрыта заяўляе: »Мы не можам дапусціць на нашы прадпрыемствы людзей, якія не паважаюць нашага прэзідэнта і існую сімволіку».
У Працоўным кодэксе РБ (арт. 25) прапісаныя вычарпальныя падставы спынення працоўнай дамовы, якія не ўтрымліваюць ніякіх патрабаванняў да грамадзянскай пазіцыі працаўніка.
У Кодэксе ёсць яшчэ і артыкул 44 пра спыненне працоўнай дамовы па абставінах, якія не залежаць ад волі бакоў. Там таксама не знойдзецца абставін, па якіх можна ўзяць і звольніць работніка з-за нейкіх «спісаў», ці загаду зверху.
«Не згаджацца на звальненне па пагадненні бакоў»
Літаральна ўчора Прэзідыум Саюзу прафсаюзаў беларускіх выступіў з заявай з нагоды прымусу да звальненняў.
Прафсаюз рэкамендуе не згаджацца на звальненне па пагадненні бакоў:
«Звальненне работнікаў і прымус да звальнення стала масавай зʼявай. У першую чаргу пад гэты прэс трапляюць людзі, якія праявілі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў. Таксама для прымусу да звальнення наймальнікі выкарыстоўваюць незаконна атрыманыя спісы членаў Свабоднага прафсаюзу альбо проста работнікаў якія заявілі пра сваё жаданне ўступіць у наш прафсаюз.
Мы не можам расцэньваць інакш гэта як дыскрымінацыю.
Для тых, хто ініцыюе падобныя звальнення нагадваем, што ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь дыскрымінацыя, гэта значыць абмежаванне ў працоўных правах або атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, мовы, рэлігійных або палітычных перакананняў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх абʼяднаннях, маёмаснага або службовага становішча, узросту, месца жыхарства, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых абставінаў, не звязаных з дзелавымі якасцямі і не абумоўленых спецыфікай працоўнай функцыі работніка, забараняецца.
Работнік, які падвергся дыскрымінацыі, падлягае аднаўленню з выплатай сярэдняга заробку за вымушаны прагул.
… Рэкамендуем работнікам не згаджацца на звальненне па пагадненні бакоў, а, у выпадку звальнення па прамых альбо ўскосных дыскрымінацыйных падставах, звяртацца ў суд для таго, каб зафіксаваць факт дыскрымінацыі. Свабодны прафсаюз гарантуе сваім сябрам юрыдычную і матэрыяльную падтрымку ў выпадку незаконнага звальнення».
Публікацыі ў СМІ – толькі «бачная вяршыня айсберга»
Наколькі глыбока «пошук і выкарчоўванне «неверагодных» закрануў грамадства – можна пераканацца, глянуўшы на кароткія паведамленні з самых розных рэгіёнаў Беларусі.
Беларусь на парозе кадравага голаду?
На большасці прадпрыемстваў кіраўніцтва і дзяржаўныя прафсаюзы моўчкі рапартуюць аб тым, што «чыстка» праведзеная. Аднак здараюцца выпадкі, калі кіраўнікі паўстаюць супраць бязглуздага. У такім выпадку – і яны самі становяцца мішэнню для пераследу.
Пацярпела і кіраўніцтва аддзялення Беларускай чыгункі ў Горадні. Некалькі кіраўнікоў нядаўна былі звольненыя толькі за тое, што адмаўляліся звальняць непажаданых але высокапрафесійных работнікаў, якія патрапілі ў «чорныя» спісы.
«У нас у Маладзечне адной спецыялістцы ў райвыканкаме прапанавалі звольніцца, паколькі яна падпісалася за Бабарыку. А ёй застаўся год да пенсіі. Яна адмовілася. Сталі насядаць, ёй стала кепска. Хуткая адвезла ў лякарню. У той час, як яна была пад кропельніцай, да яе прыйшла ці то галоўны лекар, ці то загадчык аддзялення і ўсунуў ёй паперу для подпісу са словамі: «Калі не падпішыце, мяне звольняць». Яна падпісала...« – паведамляюць праваабаронцам жыхары Маладзечна.
Пра дэфіцыт кадраў, звязаны з »чысткамі« паведамляюць праваабаронцам са Жлобіна. Аказваецца, тут ужо некалькі дзён таму спыніўся цэх па вырабе падшыпнікаў. Прычына: няма работнікаў.
Трывожная сітуацыя з медычнымі кадрамі, якіх не абмінулі карныя захады рэжыму. Напрыклад, у рэспубліканскай дзіцячай лякарні медрэабілітацыі, дзе таксама ідуць »чысткі«, ужо не хапае 66 супрацоўнікаў, а ў лякарні хуткай меддапамогі Магілёва – 29.
Усяго на сёння ў Беларусі не хапае больш за 2 тысячы лекараў, столькі ж медсясцёр і крыху менш за 2 тысячы санітараў.