02.05.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні, крымінальная справа Алеся Бяляцкага, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-2 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Бабруйску сілавікі затрымалі футбольнага заўзятара
Паводле інфармацыі @mediazona_by, гаворка пра Алега Кірава.
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ў мінулым быў удзельнікам каляфутбольнага руху бабруйскай «Белшыны», а ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у пратэстах, а пасля прайшоў рэгістрацыю ў чат-боте плана «Перамога».
Сілавікі затрымалі жыхара Мінска
Сцвярджаецца, што мужчына нібыта пісаў «негатыўныя каментары» пра ўладу і міліцыянтаў, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», хадзіў на паслявыбарчыя акцыі пратэсту, а таксама даведваўся пра тое, як можна паехаць ваяваць ва Украіну.
У Мінску разгледжана больш за 180 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі" матэрыяламі
Больш за 180 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі" матэрыяламі накіравана ў суды Мінска за 2023 год і чатыры месяцы бягучага года.
Пракуратура Мінска паведамляе, што падставамі для прыняцця такіх мер рэагавання стала размяшчэнне ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку сацыяльных сетках, альбо ў кніжных выданнях звестак, якія прапагандавалі экстрэмісцкую дзейнасць, дыскрэдытавалі органы дзяржаўнай улады і кіравання, распальвалі сацыяльную, міжнацыянальную альбо палітычную варожасць.
За гэты час судамі сталічных раёнаў разгледжана і задаволена больш за 160 падобных пракурорскіх заяў.
Палітвязня зноў будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
Іван Вярбіцкі — мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Палітвязня прызналі вінаватым адразу па некалькіх крымінальных артыкулах і асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі.
Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4. У 2022 годзе яго асудзілі па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк. Вынік суда пакуль невядомы.
8 траўня ў Барысаве Івана зноў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Людміла Зінкевіч. Івану могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
Падрымаць Івана: ПК № 14. 222125, Мінская вобл., Барысаўскі раён, с. н. п. Навасады, Вярбіцкаму Івану Францавічу
“Мы не Холопы” – "экстрэмісцкае фармаванне"
У Беларусі юбілейнае двухсотае “экстрэмісцкае фармаванне” — гэта праект “Мы не Холопы”.
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС другога траўня.
У праект “Мы не Холопы” сілавікі ўключылі ўсе сацыяльныя сеткі, відэаканал, сэрвісы для збору данатаў Boosty і Donation Alerts, а таксама інтэрнэт сайт “Блог Алега Жаўнова”.
Вядомага глыбоцкага бодзібілдара зноў будуць судзіць
Аляксандра Шарабайку затрымалі 13 сакавіка 2023 года. За «абразу Лукашэнкі» яму прызначылі 1,5 года калоніі. Свой тэрмін палітвязень адбываў у Івацэвіцкай калоніі № 22.
Цяпер стала вядома, што палітвязня зноў будуць судзіць 7 траўня. Акрамя яго па справе праходзяць яшчэ Андрэй Стабулянец і Дзяніс Цыбульскі, якога год таму асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску (арт. 342 КК).
У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Справу ў закрытым рэжыме будуць разглядаць у Віцебскім абласным судзе. Суддзя — Яўген Буруноў.
Пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы затрымалі жыхара Гродна
Падчас размовы ў чат-рулетцы правакатар спытаў у беларуса, як ён ставіцца да Палка Каліноўскага — гарадзенец адказаў, што падтрымлівае беларускіх ваяроў.