«На жаль, хацеў падкрэсліць, і гэта не ёсць прыкметай маёй слабасці нейкай псіхалагічнай, гэта мая пазіцыя жыццёвая: я не магу сфармуляваць гэта такім чынам, што я зараз на волі. Таму што мы ўсе зараз знаходзімся ў такім стане, што… Пасля ўсіх гэтых содняў у ШІЗА, калі ты з раніцы слухаеш першы канал беларускага радыё, я зразумеў, што мая рэчаіснасць ніякім чынам не пасуе да той рэчаіснасці, якая ёсць у Беларусі. І адзіны варыянт – сабрацца і паехаць дзесьці там… лячыцца. Але, на жаль, не магу сабе такога дазволіць», – сказаў адразу па вызваленні Ігар Банцэр.
«Пакуль мы знаходзімся ў такім стане, я кажу пра палітычны крызіс, пакуль у такім стане знаходзіцца ўся краіна, казаць, што я, як адна асоба, выйшаў умоўна на волю, то бок выйшаў за межы карцара, ізалятару, за межы папраўчай установы адкрытага тыпу – ну можна казаць. Але я ў такіх катэгорыях на гэта не гляджу. На жаль, усе зараз пад прыгнётам. І я сябе адчуваю зараз нейкім веснікам апакаліпсісу», – удакладніў Банцэр.
Ён расказаў, што за тры месяцы «хіміі» яму «зрабілі» 11 парушэнняў. Штрафную ізаляцыю вазілі адбываць у Гарадоцкі ізалятар часовага ўтрымання – з забруджанымі і халоднымі камерамі ды кепскай ежай, але – з людскім стаўленнем з боку міліцыянтаў.
«Калі мяне прывозілі супрацоўнікі адміністрацыі «хіміі» ў Гарадок, то пыталіся, дзе сядзець лепей – у СІЗА-2 ці ў Гарадку. Я кажу: канечне, у Гарадку. Ежа вельмі дрэнныя, камеры брудныя, але – па-людску, і чыста па-чалавечы прыемна сядзець. Таму што начальнік СІЗА, калі я там сядзеў перад першым судом, паводзіў сябе ну як гестапавец», – кажа Ігар Банцэр.
Па ягоных словах, начальнік ПУАТ №9 у Віцебску выпісваў усім «са старту» 10 сутак ШІЗА, без выхаду на працу.
«Калі ты просты чалавек, калі ты не прызвычаены да такіх месцаў – для цябе гэта будзе даволі блізка з шокавым станам», – заўважае Ігар Банцэр.
Кепскія ўмовы і дрэннае харчаванне паўплывалі на стан здароўя палітвязня. На наступным тыдні ён збіраецца наведаць лекара і здаць аналізы, бо «вылезлі ўсе старыя болькі».
«На жаль, гэта не курорт. Хтосьці на Канарах, а хтосьці – на нарах, як кажуць», – жартуе Банцэр.
І сцвярджае, што якраз «на нарах» адчуваў сябе ў бяспецы.
«Я бяспечна сябе адчуваў у няволі, таму што ведаў, што сяджу і ніякага новага эпізоду ў мяне не будзе. Я ведаў, што ў іншых людзей праз мяне не будзе праблем. Я ведаў, што не выйду і не дам інтэрв'ю каналу якому-небудзь экстрэмісцкаму каналу… Але, на жаль, логіка ўладаў зараз такая, што калі ты не пагаджаешся… у цябе адзіны шлях: або эміграцыя, або ўнутраная эміграцыя», – кажа Ігар Банцэр.
Аднак, калі нават выбраць унутраную эміграцыю, то знойдуць якую песню, напісаную 15 гадоў таму, разважае былы палітвязень. На ягоную думку, антыўтопія Орўэла зрабілася ў Беларусі рэальнасцю. Банцэр мяркуе, што яму яшчэ «прыйдзецца вяртацца месцы «не столь отдалённые», але такі шлях ён выбірае.
«У мяне няма пазітыўных думак. Я выйшаў на волю – на «волю»! – і маю план-максімум: дажыць да Новага году, адсвяткаваць Новы год з дзецьмі і жонкай. А далей паглядзім што будзе. Але я песіміст», – падсумаваў Ігар Банцэр.
Янка Прас, фота Серж Трубачоў