На Вялікдзень Паўлу Севярынцу далі трохдзённы адпачынак
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які адбывае пакараньне за Плошчу-2010 у Купліне, атрымаў трохдзённы адпачынак, падчас якога ён зможа наведаць Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Дарога займае шмат часу, таму пабыць дома Паўлу давядзецца каля 1,5 сутак. Нагадаем, да заканчэньня тэрміну Паўлу Севярынцу засталося пяць з паловай месяцаў.
Сяргей Каваленка хоча вучыцца ва ўнівэрсытэце Польшчы
«Відаць, яшчэ рана пра гэта гаварыць. Я зьбіраюся, а можа не паступлю», — сказаў Сяргей Каваленка. Ён пакуль не гатовы назваць унівэрсытэт, у якім хацеў бы атрымліваць адукацыю: «Я раней вучыўся ў Палітэхніцы. У нас было праграмаваньне — і мне падабалася. Што называецца, “сябрую” з кампутарам. Працягваць адукацыю трэба — мусіць быць вышэйшая адукацыя. Сябры так параілі: мо для палітыкі спатрэбіцца».
Дзьве газэты зь беларускімі назвамі зьліваюць у адну з назвай па-расейску
Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэньне аб’яднаць дзьве дзяржаўныя газэты. У выніку зьліцьця рэдакцыяў абласных газэт «Віцебскі рабочы» і «Народнае слова» будзе створанае адно новае выданьне «Витебские вести». Выпуск «Витебских вестей» пачнецца з 1 ліпеня 2013 году, выданьне будзе выходзіць 3 разы на тыдзень, ворганам кіраваньня вызначанае ідэалягічнае ўпраўленьне аблвыканкаму.
Сяргей Каваленка атрымаў другое папярэджаньне
Віцебскага актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку выклікалі ў інспэкцыю Першамайскага раёну Віцебску. Там яму вынесьлі другое папярэджаньне. «Мне вынесьлі папярэджаньне за той самы эпізод ад 25 сакавіка, калі мяне абвінавацілі ў тым, што я нібыта ня ў тым месцы перайшоў дарогу. Цяпер яны заяўляюць, што я нібыта яшчэ і нецэнзурна лаяўся на міліцыянтаў. Як мне сказаў адвакат, хопіць нават двух гэтых папярэджаньняў, каб адправіць мяне назад у турму. Могуць прыйсьці і забраць мяне ў любы момант», - заявіў Сяргей Каваленка.
На віцебскага палітыка складзены пратакол за “чарнобыльскі” пікет
На сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава 30 красавіка складзены пратакол пра парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Міліцыянты выклікалі яго ў Кастрычніцкі РАУС, каб зафіксаваць правапарушэньне, якога яны на свае вочы ня бачылі – пратакол складзены на падставе здымкаў, выкладзеных у інтэрнэце. Ян Дзяржаўцаў распавёў, што ў пастарунку размова вялася пра акцыю 26 красавіка, на ўгодкі аварыі ў Чарнобылі, які яны ўдвух зладзілі з аднапартыйцам Віталём Каваленкам.
«Расейская грамадзкасьць Віцебску» выступіла супраць князя Альгерда
Праз 5 гадоў пасьля прапановы абласной адміністрацыі ўсталяваць у Віцебску помнік князю Альгерду раптам актывізавалася «расейская грамадзкасьць» — прынятае рашэньне зьвярнуцца да ўладаў, каб гэтага помніку не было. «Расейская грамадзкасьць», якая пратэстуе супраць усталяваньня помніку князю Альгерду — гэта «актывісты шэрагу арганізацыяў расейскіх суайчыньнікаў, прадстаўнікоў палітычных партыяў, казацтва, праваслаўнай грамадзкасьці і вэтэранаў вайны ў Афганістане», перадае агенцтва REGNUM.
Віцебская актывістка дамагаецца выкананьня рашэньня Камітэту па правох чалавека праз суд
У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбылося папярэдняе судовае паседжаньне па грамадзянскім пазове Антаніны Піванос супраць галоўнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці. Актывістка патрабуе, каб, у адпаведнасьці з рашэньнем КПЧ ААН, ёй выплацілі грашовую кампэнсацыю маёмасьці, якая была канфіскаваная ў яе 25 сакавіка 2008 году, а таксама вярнулі суму штрафу, якім яе пакаралі незаконна.
Віцебскія сябры КХП-БНФ зладзілі пікет у памяць Чарнобыля
У пікеце, які прайшоў 26 красавіка ў цэнтры Віцебску, узялі ўдзел двое сяброў КХП-БНФ. Віталь Каваленка і Ян Дзяржаўцаў цягам прыкладна 30-ці хвілін стаялі ля помніку Машэраву з плякатамі «Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар! Пабудуеш Астравец – пажнеш Чарнобыль!» Мінакі спыняліся ля пікетоўцаў, задавалі ім пытаньні, рабілі фатаграфіі з дапамогай здымачоў мабільных тэлефонаў.
Ліквідатар-чарнобылец пра ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху»: Нам зь імі не па дарозе
Віцебскі ліквідатар аварыі ў Чарнобылю палкоўнік Анатоль Гнеўка вельмі катэгарычна выказаўся наконт удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху»: «Мы сваё месца ў “Чарнобыльскім шляху” заваявалі тым, што падарвалі сваё здароўе, жыцьці паклалі, спрабуючы ліквідаваць аварыю на ЧАЭС і мінімізаваць яе наступствы. А цяпер тыя, хто зьбіраецца на “Чарнобыльскі шлях”, далёкія ад чарнобыльскіх праблем. Яны ў свой час, дый цяпер, нічога не зрабілі для ліквідатараў, у якіх улада забірала сацыяльныя льготы і гарантыі. Таму нам зь імі не па дарозе».
Чарнобыльскія вянкі паплылі па Дзьвіне і Дняпры
Гэта ўжо традыцыйная акцыя, якая адбываецца штогод. «Некалькі актывістаў сабраліся а 18-й вечара каля крыжа на Ўсьпенскай горцы, а потым усе спусьціліся ўніз — бліжэй да таго месца, дзе Віцьба ўпадае ў Дзьвіну. Калі пачалі пускаць вянок, аднекуль набеглі работнікі камунальных службаў ды пачалі крычаць: „Чаму забруджваеце рэчку розным сьмецьцем?“. А людзі ў цывільным здымалі гэта на відэа. Але наш вянок гэтым разам хутка-хутка паплыў па вадзе, хоць у мінулыя гады яго даводзілася нават штурхаць. А так — як Бог яго падхапіў ды панёс…», — распавёў удзельнік акцыі старшыня абласной суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.