У Дзень памяці 2 лістапада віцебскія актывісты наведалі мемарыяльнае месца расстрэлаў за часамі сталінізму мірных грамадзян Беларусі ля вёскі Паляі Віцебскага раёну. У гэты ж дзень наведалі вясковыя могілкі ў вёсцы Друкава, дзе пахаваны кіраўнік Віцебскай абласной рады КХП БНФ Уладзімір Плешчанка.

Суд Першамайскага раёну Віцебску 2 лістапада вынес папярэджанне 64-гадовай віцяблянцы Таццяне Зеляновай за ўдзел у мірным маршы 30 жніўня (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Пенсіянерка назвала на судовым паседжанні выстаўленыя ў дачыненні яе абвінавачанні смеху вартымі.

30 кастрычніка Першамайскі суд Віцебску аштрафаваў віцебскую актывістку Таццяну Севярынец на 810 беларускіх рублёў (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Суддзя Вераніка Барысава прызнала калектыўны паход у Віцебскі гарвыканкам несанкцыянаваным масавым шэсцем, хаця дэлегацыю з трох чалавек у гарадскім выканаўчым камітэце прынялі.

28 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў выкладчыцу юрыдычнага факультэта ВДУ Святлану Вашэцькову на 12 базавых велічынь па водле арт. 23.34 КаАП. Ніякіх істотных доказаў яе ўдзелу ў мірнай акцыі не было. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў.

28 кастрычніка суд Першамайскага раёну Віцебску адправіў адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да журналіста «Белсату» Змітра Казакевіча на дапрацоўку. Справа разглядалася ў анлайн-рэжыме праз Skype. Разбіраў яе суддзя Міхаіл Юрчанка. Казакевіч быў затрыманы 25 кастрычніка і 72 гадзіны да суду правёў у ІЧУ, які месціцца зараз у будынку СІЗА-2.

26 кастрычніка суд Віцебскага раёну прызнаў даказаным віну Марыі Волкавай у правядзенні несанкцыянаванага пікетавання 26 верасня ў вёсцы Лучынаўка з 2 да 4 гадзін ночы. Для гэтага суддзі Міхаілу Зубені спатрэбілася тры судовыя паседжанні. Супраць Марыі Волкавай і Андрэя Кулакова было выстаўленае абвінавачанне паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП. Справа ў дачыненні да Кулакова была спыненая.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў на 6 базавых велічынь 19-гадовую навучэнку каледжу Марыю Амасовіч, якая ад 20 кастрычніка знаходзіцца ў СІЗА. Нягледзячы на такое рашэнне, з ізалятару дзяўчыну не выпусцілі: яе зноў затрымалі па новых пратаколах. Марыя застанецца за кратамі да панядзелка.

22 кастрычніка адразу некалькі віцяблян былі запрошаныя для размовы ва Ўпраўленне следчага камітэту па Віцебскай вобласці ў якасці сведкаў у крымінальнай справе, заведзенай па факце нападзення на супрацоўніка МУС падчас сутычкі пратэстоўцаў з міліцыяй 6 верасня на вуліцы Праўды ў Віцебску.

На 20-гадовую дзяўчыну завялі крымінальную справу за хуліганства. Віцяблянку падазраюць у тым, што яна пашкодзіла службовы мікрааўтобус. Пра гэта паведаміла прэс-служба МУС РБ.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 21 кастрычніка пакараў штрафам у памеры 24 базавыя велічыні віцяблянку Наталлю Перунову. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле «у несанкцыянаваных вулічных шэсцях» 6 і 23 верасня. Жанчына працуе на прадпрыемстве «Віцебскаблсаюздрук», прадае газеты ў шапіку, яе заробак у два разы меншы за прысуджаны штраф.