У дачыненні Змітра Казакевіча былі выстаўленыя абвінавачванні паводле ч.2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы). Інтарэсы журналіста на судзе бараніў адвакат.
Паводле першага пратаколу, Зміцер Казакевіч 25 кастрычніка без акрэдытацыі ў якасці журналіста на праспекце Фрунзэ праводзіў «здымку», якую апублікаваў на сайце замежнага тэлеканалу «Белсат». Якога кшталту была тая «здымка», у пратаколе не ўдакладняецца.
Паводле другога пратаколу, ужо праз пяць хвілін Казакевіч апынуўся на Маскоўскім праспекце каля д.21 корп.3, дзе не падпарадкаваўся законным патрабаванням старэйшага ўчастковага Сяргея Булыні, адмовіўся прайсці ў службовы аўтамабіль, упіраўся, спрабаваў уцячы.
Са зместам абодвух пратаколаў Зміцер Казакевіч не пагадзіўся.
Вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя Міхаіл Юрчанка пастанавіў вярнуць іх для выпраўлення парушэнняў ПВКаАП, якія маюцца ў абодвух справах.
У гэты ж дзень у Кастрычніцкім судзе Віцебску суддзя Ўладзімір Царыкаў па пяці пратаколах (арт. 23.34 КаАП) прызнаў вінаватай былую настаўніцу, удаву легендарнага віцебскага мастака Сяргея Кухто 63-гадовую Раісу Кухто. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных вулічных шэсцях і мітынгу ля Віцебскага гарвыканкаму. Жанчыну аштрафавалі на 24 базавыя велічыні (648 рублёў)
С. Горкі