У Віцебскай вобласьці працягваюць расьці заробкі
Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласьці ў першым летнім месяцы склала 5.496.704 і за месяц вырасла на 103.625 рублёў.
У Воршы пачалі зачыняць пасутачны бізнэс
Пытаньне закрыцьця пасутачнай арэнды жытла, якое яшчэ нядаўна гучала толькі для сталіцы, наўпрост закрануў рэгіёны. Так, спэцыялістам КУП «Воршакамгас» было даручана ўзмацніць кантроль за выкарыстаньнем жылых памяшканьняў. У выніку, прадпрымальнікам прапануюць два варыянты: альбо пераводзіць жытло ў нежылы фонд, альбо проста адмовіцца ад бізнэсу.
Кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі не пускаюць на «Шкловалакно»
Віктар Стукаў, кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, хацеў наведаць цэхі № 7 і № 12 ААТ «Шкловалакно», каб спраўдзіць скаргі працаўнікоў на ўмовы працы. Але варта было папярэдзіць пра свой візыт генэральнага дырэктара, як уваход на прадпрыемства яму пэрсанальна забаранілі.
На рэстаўрацыі Сафійскага сабору ў Полацку выяўленыя сур’ёзныя парушэньні
Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў шматлікія парушэньні падчас рэстаўрацыі Сафійскага сабору ў Полацку. Яны абышліся бюджэту ў больш як 650 мільёнаў рублёў. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі.
У Наваполацку разважалі аб «праве на мову»
Лекцыя «Права на Мову» адбылася 22 ліпеня ў Наваполацку, у офісе мясцовай філіі Правабарончага цэнтру «Вясна». Яе правёў вядомы лінгвіст і грамадзкі дзяяч Вінцук Вячорка. Падчас лекцыі разглядаліся праблемы дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце падчас зваротаў у органы дзяржаўнай улады, мэтодыкі адстойваньня правоў на адукацыю на беларускай мове і інш. На найбліжэйшы час заплянаваны круглы стол, падчас якога будуць абмеркаваныя дакладныя захады ў Наваполацку па абароне правоў на карыстаньне беларускай мовай.
Адміністрацыйныя адгалоскі веснавых выбараў у мясцовыя саветы (вiдэа)
Судзьдзя суду Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці Сьняжана Кіндзеева вынесла пастанову пра спыненьне адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да сябра палітвыканкаму Віцебскай абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Міхаіла Пятроўскага. Такая пастанова вынесеная ў сувязі з тым, што скончыўся тэрмін накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня.
Віцебскія актывісты БХД перадалі больш за 4 тысячы подпісаў у Мінздраў і гарвыканкам
Удзельнікі кампаніі “Народны кантроль” у Віцебску перадалі ў абласны і гарадзкі выканкамы, Віцебскі Савет дэпутатаў копіі подпісаў жыхароў мікрараёнаў Білева за будаўніцтва паліклінічнага комплексу. Арыгіналы подпісаў былі перасланыя ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Прадстаўнікам уладаў было перададзена 4108 подпісаў на 271 аркушы.
Жыхарку Віцебску, якая ніколі ня мела аўтамабіля, аштрафавалі за перавышэньне хуткасьці
У рэдакцыю сайту belnovosti.by прыйшоў ліст ад жыхаркі Віцебску Івановай Валянціны Віктараўны, якая сутыкнулася зь бязьмежжам з боку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі. Паводле слоў жанчыны, месяц таму яна атрымала пастанову ДАІ Менску аб прыцягненьні яе да штрафу за перавышэньне хуткасьці на аўтамабілі. Пры гэтым, як піша чытачка, машыны яна ніколі ня мела, і рэгістрацыі нікому не давала.
Aздараўленчы лягер «Віцязь» прыходзіць у заняпад
Другое лета запар сьцены аднаго з найбуйнейшых на Віцебшчыне аздараўленчага лягеру “Віцязь” застаюцца пустымі. Справа ў тым, што ва ўласьнікаў няма сродкаў на яго ўтрыманьне. Перадаць базу новаму ўласьніку рашэньне ўжо прынятае, і нават частка карпусоў перададзеная, але водазабесьпячэньне, электрасеткі ўсё яшчэ на балянсе ранейшага ўладальніка.
Ва Ўшачах будзе вуліца і школа імя Рыгора Барадуліна
Імя Рыгора Барадуліна будзе насіць вуліца, дзе стаіць дом паэта, у які ён прыяжджаў зь Менску, а таксама школа, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы. Ва Ўшацкім музэі пашыраць частку экспазыцыі пра Рыгора Барадуліна. Зь ініцыятывай ушанаваць на радзіме памяць Рыгора Барадуліна выступілі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Рада Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шэраг іншых грамадзкіх аб’яднаньняў.