Погляд на цяжарнасьць і мацярынства адлюстраваны ў карцінах дзяцей, студэнтаў мастграфу, прафэсійных мастакоў. Дарэчы, самымі першымі, літаральна праз тыдзень пасьля абвяшчэньня конкурсу, свае працы даслалі дзеці з Рагачоўскага раённага цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі (Гомельская вобласьць). На шмат якіх малюнках – вялікая сям'я як увасабленьне сямейнага цяпла і ўтульнасьці. Нямала цікавых твораў прадставілі навучэнцы гімназіі №3 Віцебску.
– Немагчыма перадаць словамі адчуваньне шчасьця, калі ты ўпершыню трымаеш на рукох сваё немаўля! У пэрыяд мацярынства, асабліва ў першыя гады жыцьця дзіцяці, выяўляецца незвычайная цеплыня, якой карціць падзяліцца з усімі. Хочацца, каб такое ж пачуцьцё зазналі і тыя цяжарныя жанчыны, якія сёньня сумняваюцца, ці варта зьяўляцца на сьвет іх малютцы. Менавіта з гэтай мэтай і стваралася гэтая выстава, – падзялілася ідэйны натхняльнік імпрэзы маладая мама Кацярына Ходас.
На адкрыцьці экспазыцыі прызы ўручылі і пераможцам акцыі «Калі я зьяўлюся на сьвет», якую напярэдадні таксама зладзіла ініцыятыўная суполка «Лінія жыцьця». Дарэчы, усе яе актывісткі – мамы, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем.
– На гэты фотаконкурс бацькі дасылалі кранальныя фатаграфіі сваіх дзетак з надпісам: «Калі я зьяўлюся на сьвет, то...». Працяг гэтай фразы ў кожнага свой: буду тваім шчасьцем, падтрымаю цябе ў кожнай сытуацыі і гэтак далей. Гэта зроблена дзеля таго, каб паказаць, колькі шчасьця і радасьці ў нашае жыцьцё прыносяць дзеці! – распавяла двойчы мама Ганна Малахоўская, ініцыятар стварэньня суполкі «Лінія жыцьця». – Дарэчы, у нас створаны фонд дзіцячых рэчаў, вазкоў, ложачкаў, пасьцельнай бялізны і іншага неабходнага дзецям – дамо ў часовае карыстаньне. Калі трэба жытло, дапаможам і ў гэтым.
Выстава «Мама, я хачу нарадзіцца!» завершыцца 10 студзеня ва Ўваскрэсенскім храме Віцебску. Тут а 16:00 адбудзецца акцыя «Запальваньне сьвечкі» ў памяць пра дзяцей, якія не толькі сышлі з жыцьця праз хваробу або нейкі нашчасны выпадак, але і ў памяць пра тых, каму не пашчасьціла нарадзіцца.
Алена Алімава, Витебские вести
https://vitebskspring.org/news/akcyi/item/151-maladyya-mamy-u-vitsebsku-stvaryli-supolku-i-fond-u-padtrymku-zhanchyn-na-myazhy-abortu#sigProId461c9a1998